Гарачы каментар За краты – за лайк. Што такое экстрэмізм, і чаму трапіць за краты вельмі лёгка?


Важную тэму ўзняў у сваім Фэйсбуку анархіст і былы палітвязень Мікола Дзядок. Гаворка пра экстрэмізм, паводле артыкулаў звязаных з якім за мінулы і пачатак гэтага года ўжо асуджаныя восем чалавек. У тым ліку – адна крымінальная справа за відэа ў Кантакце.

Дзядок пералічвае, за што можна апынуцца за кратамі: надпіс на шапцы, пост у сацсетцы, каментар, рэпост і нават лайк:

«Вы думаеце, вас гэта не закране – вы не анархіст і не посціце гітлераў на старонцы? Тады паглядзіце на тэндэнцыі. Пад прэс трапляюць пратэстанты і сведкі Іеговы, прыхільнікі легалізацыі марыхуаны, прадстаўнікі ЛГБТК і свінгеры. І хай не ў кожным разе гучыць слова «экстрэмізм», але яго ўсе часцей выкарыстоўваюць для абагульнення і крыміналізацыі ўсе большай колькасці людзей».

Ужо ў красавіку ў Палаце прадстаўнікоў будуць разглядаць чарговую папраўку ў «Закон аб барацьбе з экстрэмізмам». Што рабіць з узмацненнем рэпрэсіяў і атмасферы страху? Мікола Дзядок заяўляе пра пачатак кампаніі «Я экстрэміст» з адзіным патрабаваннем – адмяніць гэта закон.

Далучыцца да кампаніі можа кожны ахвотнік. Да прыкладу, праз удзел у наступным флэш-мобе – выкласці сэлфі з якім-небудзь матэрыялам, занесеным у афіцыйны спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў. Як гэта зрабіў сам Мікола Дзядок, які сфатаграфаваўся насупраць менскага КДБ побач з помнікам Дзяржынскаму з надпісам «А.С.А.В».

У каментарах да паста Міколы Дзядка адзначыліся, сярод іншых, і некалькі палітвязняў. Лідар «Маладога фронту» Зміцер Дашкевіч пажартаваў, што вось лайкнуў пост Дзядка і ўжо ідзе збіраць рэчы ў турму. А ўдзельнік Плошчы-2010 Уладзімір Кондрусь нават запісаў уласнае відэа ў якасці флэш-мобу «Скажы праўду аб Лукашэнку».

Што такое экстрэмізм, і ў чым ён праяўляецца? Мы запыталіся на вуліцах сталіцы.

Мікола Дзядок, актывіст анархісцкага руху, былы палітвязень:

«Я лічу, што гэты тэрміт трэба ўвогуле выключыць з нашага ўжывання, прынамсі з палітычнага, таму што ў Беларусі гэты тэрмін набыў такое шырокае тлумачэнне, што пад яго можна падпісаць літаральна любую крытыку ўлады, тым больш любыя радыкальныя ідэі па змене грамадства. Таму я лічу, што гэты тэрмін трэба або прыбіраць з ужытку, або змяняць яго сэнс увогуле. Я лічу гэты тэрмін маніпулятыўным. Так, яно так і ёсць (што гэта закон аб барацьбе з іншадумствам). Дзяржава мае тэндэнцыю абвінавачваць у экстрэмізме ўсіх прадстаўнікоў радыкальных рухаў, але калі мы разгорнем, напрыклад, «СБ», прачытаем, што яны там пішуць датычна Еўропы, пытанняў мігрантаў, ЛГБТ, то па еўрапейскіх мерках гэта ўльтраправы экстрэмізм, радыкалізм. Але ў Беларусі гэта дзяржаўны мэйнстрым…»

Працяг размовы – у сюжэце.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары