За кім моладзь, за тым і будучыня


Тваё жыццё і твой лёс, твае магчымасці, правы і бяспраўнасць – усё тут, у гэтай маленькай сіняй кніжачцы: у пашпарце.

«Атрыманне пашпарта ва ўсе часы ўспрымалася як першы крок у дарослае жыццё», – прачытаў па паперцы Лукашэнка. Урачыста ў Палацы незалежнасці Аляксандр Лукашэнка ўручыў маладзёнам пашпарты і, вядома ж, словы зычэння:

«Дзяржава паклапацілася, каб перад вамі былі адкрытыя ўсе дарогі».

Але ж мы ведаем, як у Лукашэнкі словы могуць разыходзіцца са справамі. Таму на адной з адкрытых дарог Магілёва запыталі ў моладзі, як менавіта пра іх клапоціцца дзяржава:

«Робіць усё магчымае, каб моладзь развівалася і была актуальная».

«Яна мяне і корміць і апранае, дае мне нейкія магчымасці разнастайныя. Я не наракаю насамрэч. Ха-ха!»

«Дае магчымасць бясплатна вучыцца».

«Рабочыя месцы, што б ні казалі, у нас усё роўна ёсць».

«Ва ўніверах стыпендыі плацяць».

«Ёсць шмат разнастайных арганізацый кшталту БРСМ, якія падтрымліваюць моладзь».

«У нас ёсць розныя гурткі пазнавальныя, літаратурныя і шмат-шмат-шмат чаго».

«Дзяржава клапоціцца пра кожнага грамадзяніна».

«Плацілі грошы, у мяне было дзе жыць, у мяне была ежа, усё было добра – аб сіротах канкрэтна ў нашай краіне клапоцяцца».

«Ёсць шмат сфер, у якія цябе ўцягваюць, нечым дапамагаюць, некуды падштурхоўваюць».

Вось дзе ён – рай на зямлі. Пра беларускі пашпарт, напэўна, мараць жыхары ўсёй планеты! А пра які пашпарт пры такім цудоўным, забяспечаным жыцці марыць беларуская моладзь?

«Амерыкі! Мне вельмі падабаецца гэтая краіна».

«Там, дзе не трэба было б служыць».

«Нарвегія, таму што я люблю горы, і гэта мая мара».

«Літвы. У мяне там цёця жыве, я б да іх паехаў».

«Люблю японскую культуру. Думаю, Японія».

«Польскі, можа быць».

«ЗША можа быць, таму што мне падабаецца гэтая краіна, і я хацела б там жыць».

«Расея ці Вялікая Брытанія».

«Пашпарт Польшчы. Яна блізка ад Беларусі, і мне будзе зручна падарожнічаць з Польшчы ў Беларусь».

«Грэцыя мне падабаецца».

«Пашпарт грамадзяніна Злучаных Штатаў, паколькі гэта вялікая дзяржава і ўвесь асноўны кіпіш усеагульны, сусветны, наколькі я ведаю, адбываецца там. Там і з эканомікай някепска. Нядаўна долар падскочыў, заробкі тыя ж засталіся, увогуле там абставіны лепшыя, усё маляўніча. Не тое каб я не патрыёт, але… Амерыка!»

Незвычайным патрыятызмам апанаваная, падобна, уся беларуская моладзь. Паслухайце, як патрыятычная студэнтка ўніверсітэту, які закончыў сам Аляксандр Рыгоравіч, называе нашую краіну:

«Беларуссія. Я вучуся ў МДУ Куляшова на факультэце беларускай мовы і літаратуры, таму беларускага пашпарта я не прамяняю».

Найлепшых жа з тых, хто красамоўна ўмее сказаць на камеру патрэбныя словы, запрасілі ў Палац:

«Шаноўны Аляксандр Рыгоравіч, сённяшняе атрыманне пашпарту грамадзяніна Рэспублікі Беларусь запомніцца нам з калегамі на ўсё жыццё.

«Трапіць у Палац незалежнасці на сустрэчу з прэзідэнтам з мільёнаў людзей, трэба было гэтага дасягнуць, заслужыць. Яшчэ раз скажу, выпадковых людзей тут няма», – падкрэсліў Лукашэнка.

А што сказалі б Лукашэнку тыя, хто не заслужыў сустрэчы з «прэзідэнтам»?

«Павітаўся б і папрасіў бы аформіць мне візу ў Амерыку».

«Папрасіў у яго больш і хутчэй будаваць жыллё».

«Параіў бы больш увагі звяртаць на шматдзетныя сем‘і».

«Мне сказаць няма чаго асабліва».

«Я б падумала некалькі разоў вельмі добра, перш чым нешта казаць».

А гэтыя маладзёны ўжо падумалі:

«Падзякавала б ад усёй моладзі».

«Дзякуй аграменны, дзякуй вялікі за пашпарт!»

«Я заўсёды хацела сустрэцца з прэзідэнтам, паціснуць яму руку і сфатаграфавацца».

«Я б яму сказала вялікі дзякуй і пажадала б доўгіх гадоў жыцця, каб ён гэтак жа падтрымліваў нас, і вялікага аптымізму».

«Добры прэзідэнт».

«Добры прэзідэнт» на развітанне даў маладзёнам добрую параду:

«Не спяшаецеся выбіраць прафесію, прыглядайцеся, у вас яшчэ ёсць час. А то будзе, як у мяне: паспяшыш…».

Паспяшалася і прэс-служба адразу патлумачыць, што Лукашэнка гэта сказаў не пра прэзідэнцтва…

Вольга Старасціна, «Субектыў», «Белсат»

Калаж з фота: MARCO BELLO / Reuters / Forum / MARCO BELLO / Reuters / Forum / Valery Sharifulin / TASS / Forum