З чаго пачынаўся праваабарончы цэнтр «Вясна»?


«Вясне» – 20!

Летась праваабарончы цэнтр «Вясна» адзначыў свае 20-годдзе. Першапачаткова арганізацыя мела назву «Вясна-96», таму што яе стварылі ў 1996 годзе падчас масавых акцыяў пратэсту дэмакратычнае апазіцыі. Арганізацыя тады пачала дапамагаць арыштаваным удзельнікам дэманстрацыяў ды іхным сем’ям.За ўдзел у назіранні за выбарамі кіраўніка краіны ў 2001 годзе праваабарончы цэнтр пастановаю Вярхоўнага суда пазбавілі дзяржаўнае рэгістрацыі. Аднак гэта не спыніла дзейнасці «Вясны». За гады свайго існавання цэнтр дапамог тысячам людзей, зладзіў дзясяткі кампаніяў і стаў сімвалам абароны правоў чалавека ў нашай краіне.

Апытанне: ці ведаеце вы, як бараніць свае правы?

У нашай краіне няма інстытуту ўпаўнаважанага па правах чалавека, гэтак званага амбудсмена. Аднак праз адстойванне правоў грамадзянаў часам затрымліваюць, а нярэдка нават збіваюць міліцыянты. Да таго ж у судзе не заўсёды атрымліваецца даказаць сваю невінаватасць. Тым больш, калі сведкі – сілавікі, якія і затрымлівалі абвінавачваных. Мы запыталіся ў беларусаў: ці яны ведаюць, да каго і куды звяртацца, калі прадстаўнікі дзяржавы парушаюць іхныя правы?

Былая працаўніца «Белшыны» намагаецца даказаць, што страціла здароўе на вытворчасці

Спадарыня Таццяна, былая працаўніца камбінату «Белшына», апошнія 10 гадоў не развітваецца з лекамі. Аднойчы ў працоўных, якія тады былі ў цэху, пачалі слязіцца вочы, стала складана дыхаць. Паводле неафіцыйных звестак, у той дзень кіраўніцтва прадпрыемства атрымала вялікую замову на выраб апонаў. Каб паскорыць працэс, пастанавілі разагрэць гэтак званы мікравоск, што ў выніку выбухнуў, а яго часціны разляцеліся ў паветры. Жанчына ўвесь гэты час намагаецца давесці, што страціла здароўе праз няшчасны выпадак на вытворчасці. Аднак кіраўніцтва вытворцы-гіганту адмаўляецца гэта прызнаваць.

Жыхары Маладзечна і ваколіцаў ня згодныя з намерам пабудаваць буйныя свінакомплексы

Кампанія «Вялес-Міт» не адмаўляецца ад намераў пабудаваць два свінакомплексы на 100 тысяч галоў кожны. Ля вёскі Соўлава блізу Маладзечна ўжо ўзводзяць аб’ект, не дачакаўшыся канца абмеркавання з насельніцтвам і, адпаведна, парушаючы заканадаўства.Другі свінакомплекс маюць узвесці ў аграгарадку Палачаны. Як і ў выпадку з першым, «Вялес-Міт» дае грамадскасці няпоўную справаздачу пра ўздзеянне пабудовы на навакольнае асяроддзе. Каб прыцягнуць увагу да гэтае праблемы, актывісты зладзілі ў Маладзечна пікет, у выніку – адміністратыўныя пратаколы ды нават арышты.

Праз год Вайсковыя могілкі ў сталіцы чакае небяспечнае ўпарадкаванне

Паводле плану, праз год адныя з найстарэйшых могілак – Вайсковыя – чакае ўпарадкаванне. Маюць знесці старыя крыжы ды надмагіллі, а замест гэтага зрабіць газон і аднолькавыя помнікі. Пры гэтым чыноўнікі запэўніваюць, што не будуць чапаць упарадкаваных і дагледжаных месцаў пахавання. Эксперты ж кажуць, што тэрыторыя могілак атрымала статус гістарычна-культурнае каштоўнасці ды мусіць захаваць свой выгляд.