Яцвяг рушыў да мора


Два тыдні маюць сучасныя вікінгі, каб дабрацца да мора. Сярэднявечная ладдзя-дракар з беларускімі рэканструктарамі вырушыла з Горадні, каб узяць удзел у фестывалі «Свята мора» ў Клайпедзе 28 ліпеня.

Арганізатар экспедыцыі Дзмітрый Вараноўскі з Ліды кажа, што першапачатковая ідэя была праплыць «гістарычна»:

«Мы хацелі праплыць па-сярэднявечнаму, без усялякіх сучасных рэчаў, без запалак. Адплыць меліся 15 траўня, але не сабралі каманды», – кажа Дзмітрый.

Праводзіць экспедыцыю прыехаў Мікалай Логвін, ганаровы консул Беларусі ў Клайпедзе. Ён ўручыў удзельнікам палотнішча з літоўскаю Пагоняю.

«Калі сёлета хлопцы прапанавалі прыплыць Нёмнам да Клайпеды, Літоўскі марскі музей ухапіўся за гэтую ідэю, падтрымаў іх. Яны вельмі хацелі бачыць каманду на свяце мора, пагатоў у гэтым годзе тэма марской часткі свята – куршы і вікінгі», – кажа дыпламат.

Дракар пабудаваны ў адпаведнасці з арыгіналам дзясятага стагоддзя, ён мае даўжыню 14 метраў і змяшчальнасць да 20 чалавек. Але ў Клайпеду вырушылі толькі дзевяцёра. Адзіная ў камандзе жанчына, Іна Панова, прыехала з Расеі.

«Я не ведала, што я адна буду. Мне не страшна, галоўнае, каб хлопцам не страшна са мной было», – кажа масквічка.

Пасля мяжы з Літвою да экспедыцыі далучацца яшчэ некалькі літоўцаў. Плыць на дракары не так лёгка, як падаецца. Праз некалькі хвілінаў пасля старту ладдзю развярнула моцным ветрам ды занесла на тоню. Нёман моцна сплытчэў з часоў яцвягаў.

Іншыя тэмы:

  • Галерэя ЦЭХ падтрымае маладых творцаў, арганізаваўшы персанальныя выставы, грошы на першую збіраюцца праз краўдфандынг.
  • Гомельская «Талака» зладзіла фальклорна-этнаграфічную экспедыцыю на поўдзень Нараўлянскага раёну.

Настасся Храловіч, Ірына Дарафейчук, «Белсат»