«Яны выбралі чалавека, які вельмі даверлівы, дабрадушны...» Улады пачалі помсціць за пратэсты ў Берасці


Распачатая крымінальная справа за нібыта «незаконныя дзеянні ў дачыненні агнявой зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў» у дачыненні Майсея Мазько, актывіста супраць акумулятарнага заводу пад Берасцем. Сёння ў доме, што належыць актывісту, здзейснілі ператрус. Аўтамабіль Майсея Мазька працаўнікі ДАІ спынілі ўчора. У аўце нібыта знайшлі патроны і выбухоўку. Паводле самога актывіста, пакет з боепрыпасамі падкінулі яму, каб дыскрэдытаваць і запужаць праціўнікаў запуску акумулятарнага заводу. 62-гадоваму Майсею Мазьку можа пагражаць да 7 гадоў пазбаўлення волі.

Аляксандр Кабанаў, блогер: …Гэтая сітуацыя для шматлікіх людзей сталася шокам. У ініцыятыўнай групе абмяркоўвалася такое развіццё падзей, што нешта могуць падкінуць, што могуць быць нейкія правакацыі. Але гэта больш абмяркоўвалася што да тых асобаў, якія на віду. Майсей Сцяпанавіч больш займаўся перапіскай з чыноўнікамі, на ім была ўся перапіска з органамі ўлады. То бок ён асабліва нідзе не «свяціўся». Калі на Пятрухіна, на мяне завялі крымінальную справу – ніхто не здзівіўся, гэта было чакана, прагназуема. Але што ўлады пачнуць дзейнічаць такімі метадамі – гэта ўжо мяжа.

Майсей Сцяпанавіч чалавек сціплы, але ён актыўна працаваў у групе, дапамагаў, браў на сябе вялікі аб’ём працы. На мой погляд, такія каманды ідуць з вельмі высокага верху. Я хацеў бы звярнуць увагу людзей, што ўжо год за намі вядзецца пастаяннае назіранне, праслухоўваюцца тэлефоны, затрыманні перыядычныя. Члены ініцыятыўнай групы падрыхтаваныя практычна да ўсяго. І тут чалавек едзе ў машыне, вязе пакет на адкрытым месцы… Гэта такая глупота, так зроблена бяздарна.

Чаму менавіта яго асобу выбралі для такога ўдару. Большасць членаў ініцыятыўнай групы да гэтага падрыхтаваныя, гатовыя да такіх правакацыяў. Яны б нікога не дапусцілі да свайго аўто, або зачыніліся б у машыне, выклікалі б панятых, адвакатаў. А тут скарысталіся ўзростам, тым, што чалавек вельмі даверлівы, дабрадушны, можна было лёгка выцягнуць з машыны, адцягнуць увагу…

Уся размова – у відэа.

belsat.eu