Янчук: Спыніць беларускі стрым адміністратыўнымі метадамі не атрымаецца


Намеснік старшыні ГА «БАЖ» выказаўся пра прызначэнне штрафу аператару Аляксандру Любенчуку.

Канал «Белсату» на «Youtube» – самы папулярны сярод усіх беларускіх медыяў. Сваю папулярнасць наш тэлеканал, на жаль, мае і сярод тых, хто ўсяляк намагаецца пазбавіць беларусаў актуальнай, беларускамоўнай і, галоўнае, праўдзівай інфармацыяй.

Чарговы суд, які адбыўся над нашым калегам Алесем Любенчуком у Менску, зноўку пацвердзіў прыкрую статыстыку: «Белсат» на сёння застаецца і найбольш рэпрэсаваным уладамі Беларусі сродкам масавай інфармацыі. Не здзівілі гэтым разам таксама ані сведкі-міліцыянты, якія не памяталі дэталяў затрымання Любенчука ды нават не зарэгістравалі рапарт аб правапарушэнні, ані суддзя Юрый Гарбатоўскі, які, не зважаючы на бяздоказнасць абвінавачвання аператара «Белсату» у дробным хуліганстве, даў нашаму калегу чарговы буйны штраф. У «Гарачым каментары» – намеснік старшыні ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў» Міхась Янчук.

«Улады, канешне, будуць затыкаць рот журналістам і надалей. Але журналістыка ў адрозненне ад беларускіх уладаў эвалюцыянуе. Да штатных супрацоўніка медыяў далучаюцца і блогеры, і грамадзянскія журналісты, і проста неабыякавыя людзі. Таму гэтага стрыму, які ўжо стаў на сённяшні дзень мега-стрымам у маштабе Беларусі, спыніць усё роўна адміністратыўнымі метадамі не атрымаецца», – заўважыў Міхась Янчук.

Глядзіце таксама: