«Яна не з'яўляецца ні дэмакратычнай, ні беларускай, ні народнай». Якая Канстытуцыя патрэбная Беларусі?


Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь – гарант дзяржаўнай незалежнасці і прававога статусу краіны. 25-цігадовы юбілей галоўнага закону незалежнай краіны – нагода спраўдзіць увасабленне фундаментальных каштоўнасцяў у жыццё.

Наколькі эфектыўна Канстытуцыя краіны працуе цягам 25-ці гадоў? На гэтае пытанне адказваюць грамадзяне краіны на вуліцах Менску:

«Ёсць разыходжанні. Людзям бы больш адчуваць, што законы абараняюць іхны спакой і камфорт. А іншым разам законы гэтак перакручваюцца, што нават мінус – дыскамфорт атрымоўваецца».

«Па ўласным адчуванні ўнутраным – уціск ёсць, так пачуваюся».

«У нас Канстытуцыя не для народу. Бо няма ні правоў, ні свабодаў у грамадзянаў. Такое адчуванне, што мы ў рабстве, проста ў рабстве».

«Гэта не жыццё, бо тых, хто нешта вырабляе, іх душаць з усіх бакоў. І Канстытуцыя, калі пра яе размаўляем, павінная быць з 1994 года. Тая самая, якая нам неабходная, якая павінная працаваць, але яна не працуе».

Канстытуцыя 1994-га года ў сваім першасным выглядзе дзеяла толькі адзін год. Ужо ў дзевяноста пятым Лукашэнка сваім першым рэферэндумам змяніў Канстытуцыю, а пазней ператварыў краіну ў прэзідэнцкую рэспубліку і забяспечыў магчымасць бестэрміновага прэзідэнцтва.

«Канстытуцыя, якая сталася пасля гэтак званага рэферэндуму, ператварылася з дэмакратычнай Канстытуцыі ў Канстытуцыю для абслугоўвання аўтарытарызму. І цяпер яна дзейнічае і абслугоўвае толькі ўладу. Яна не з’яўляецца ні дэмакратычнай, ні беларускай, ні народнай», – гаворыць дэпутат Вярхоўнага Савету 12-склікання Сяргей Антончык.

І вось сёння ідуць гаворкі пра новыя папраўкі. Палітычныя апаненты Лукашэнкі традыцыйна не чакаюць нічога добрага ад канстытуцыйных пераўтварэнняў.

«Гэта ягоная стратэгія: улада, улада і яшчэ раз улада. Лукашэнка, відаць, упершыню зразумеў, што вось з тым аб’ёмам улады, з тымі паўнамоцтвамі ён больш не пройдзе. І таму трэба штосьці больш хітрае прапанаваць, больш закамуфляванае, што можа выклікаць, прынамсі, дыскусію», – кажа кіраўнік Цэнтру «Еўрапейскі дыялог» Анатоль Лябедзька.

Якая Канстытуцыя патрэбная Беларусі? Перадусім такая, якая выконваецца.

«У нас грамадзяне нават не ведаюць, хто ў іх дэпутат. Яны не могуць дагрукацца да дзвярэй улады, каб іх там хаця б проста выслухалі, а не тое каб дапамаглі. Так, патрэба зменаў у Канстытуцыю наспела, і, калі гаварыць пра падрыхтоўку новай, то мы павінны ўзяць за аснову Канстытуцыю 1994 года – легітымную і законную», – перакананы былы суддзя Канстытуцыйнага суда Міхаіл Павстухоў.

Палітыкі і эксперты ў галіне законатворчасці заяўляюць пра стварэнне Канстытуцыйнай камісіі, якая мусіць стаць першым крокам да новай дэмакратычнай Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.

Галіна Абакунчык, belsat.eu

Сяргей Навумчык, дэпутат апазіцыі БНФ у Вярхоўным Савеце XII склікання, якое прымала першую Канстытуцыю Беларусі,каментуе.

Улады гавораць пра тое, што прыспеў час змяняць Канстытуцыю. Якія б змены ў Канстытуцыю прапанавалі Вы асабіста? І чаму? На гэтае пытанне спрабуюць адказаць жыхары Гомля.

belsat.eu