Сёння ў «ПраСвеце» інтэрв’ю вядомага расейскага эканаміста Уладзіслава Іназемцава, а таксама параўнанне падыходу да пандэміі кіраўніка Беларусі ды прэзідэнтаў суседніх краінаў.
Больш за паўмільёна хворых на каронавірус па ўсім свеце паводле звестак Універсітэту Джона Гопкінза і амаль два мільярды людзей – у самаізаляцыі. Улады Беларусі запэўніваюць: сярод усіх суседніх краін у нас сітуацыя найбольш спакойная. Мы і каранціну не абвесцілі, і выпадкаў смерці ад COVID-19 няма. Аркадзь Несцярэнка пагутарыў з тымі, хто сутыкнуўся з інфекцыяй ды паспрабаваў здаць аналізы на каронавірус.
Беларусь – у цэнтры ўвагі свету ў сувязі з захадамі, што прымаюцца, а дакладней – не прымаюцца для барацьбы з каронавірусам. Лукашэнка прапаноўвае неардынарныя метады лячэння і прафілактыкі хваробы, дзяржава застаецца з адкрытымі межамі і не адмяняе масавых мерапрыемстваў. Грамадства само шукае спосабы супрацьстаяць пандэміі. Што гэта: цёмная безадказнасць або здаровы пафігізм? Адказ шукаў Дзмітрый Міцкевіч.
Калі да пандэміі дадаць вайну цэнаў на сусветным рынку нафты паміж Расеяй і Саудаўскай Аравіяй, то перспектывы зусім не радасныя. Толькі за апошні месяц расейскі рубель страціў больш за 20%. Што будзе адбываецца з сусветнай эканомікай і як гэта паўплывае на Саюзную дзяржаву? Інтэрв’ю з расейскім эканамістам, кіраўніком Цэнтру даследаванняў постіндустрыяльнага грамадства Уладзіславам Іназемцавым.
Беларускія ўлады гучна абвесцілі пра дасягненне нафтавых дамоўленасцяў з Расеяй. Пастаўкам быць, кажуць у Менску. Гучыць аптымістычна, тым больш, што кошт на расейскую нафту для Беларусі зараз на ўзроўні 16-ці долараў за барэль. Але ва ўсёй гэтай бочцы мёду, ёсць і лыжка дзёгцю. Ігар Кулей працягне.
Пакуль адныя краіны прызвычайваюцца жыць у рэаліях каранціну, а іншыя – паволі з яго выходзяць, палітыкі часу не марнуюць. Кітай праводзіць актыўную піяр-кампанію, накіраваную на ўзмацненне іміджу краіны, якая, маўляў, ведае лепш за ўсіх, як даваць рады з каронавірусам. Пры гэтым не забывае абвінавачваць заходнія дзяржавы. Пра палітычныя гульні ў час пандэміі – Усевалад Шлыкаў.
Фота на прэв’ю: SPUTNIK/Reuters/Forum, Alexei Druzhinin/Forum
Міжнародны тэлечасопіс «ПраСвет» з Алінаю Коўшык ды Сяргеем Пелясою глядзіце штотыдзень у пятніцу а 21:20. Падпісвайцеся на «Прасвет» у профілях у Facebook і «Аднакласніках»! Глядзіце нас праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн, на YouTube-канале і на нашай старонцы.