Як Сталін дапамог Гітлеру пачаць вайну

Што дапамагло Гітлеру распачаць Другую сусветную вайну і ці спрычыніліся да гэтага, апрача СССР, Польшча і дзяржавы Заходняй Еўропы? Пра гэта – новае выданне гістарычнага ток-шоу «Intermarium».

Спрабуем разабрацца ў тэме пасля міжнароднага скандалу, справакаванага заявамі прэзідэнта Расеі Уладзіміра Пуціна, у якіх ён усклаў адказнасць за развязванне Другой сусветнай вайны на еўрапейскія краіны. І ў першую чаргу, на Польшчу, абвінаваціўшы яе ў падзеле Чэхаславакіі.

«Адказнасць за вайну ляжыць на нямецкім урадзе і асабіста на Адольфе Гітлеры, – гаворыць у студыі «Intermarium» доктар гісторыі, саветолаг Марэк Корнат з Інстытуту гісторыі Польскай акадэміі навук. – Але Савецкі Саюз зрабіў усё магчымае, каб аблягчыць яму задачу». Навошта?

Сталін прагнуў захапіць новыя тэрыторыі. І хацеў з гэтай мэтай развязаць імперыялістычную вайну на ўзор Першай сусветнай, што дазволіла б перакроіць сусветны парадак. Паводле Марэка Корната, пра неабходнасць такой вайны Сталін казаў яшчэ ў 1925 годзе на тайнай партыйнай канферэнцыі.

«Ідэя сусветнай рэвалюцыі штурхала Савецкі Саюз да пошуку экспансіўных шляхоў, але ён хацеў зрабіць гэта чужымі рукамі, каб пасля з’явіцца ў вобразе збаўцы: краіны, якая вызваляе народы ад вайны, імперыялістаў, эксплуатацыі. І таму калі ўдалося намацаць шляхі паразумення з Гітлерам, Сталін за гэта ўхапіўся», – дадае доктар гісторыі, прафесар Кіеўскага нацыянальнага ўніверсітэту імя Тараса Шаўчэнкі, знаўца гісторыі ўкраінскага нацыяналізму Іван Патрыляк.

Іван Патрыляк і Марэк Корнат у студыі ток-шоу «Intermarium». Фота belsat.eu

Апрача таго, Нямеччына, у адрозненні ад іншых заходніх дзяржаваў, была гатовая аддаць тэрыторыі, якія калісьці ўваходзілі ў склад Расейскай імперыі: Заходнюю Беларусь (якая была ў складзе Польшчы), Бесарабію, Балтыйскія дзяржавы. Што і прывяло да падпісання пакту Молатава-Рыбентропа, гаворыць прафесар універсітэту ў Гамбургу, знаўца падзеяў гісторыі Усходняй Еўропы Франк Галчэўскі. Еўропа аказалася падзеленай на «сферы ўплыву» паміж СССР і Нямеччынай. Праз тыдзень пасля падпісання пакту Гітлер напаў на Польшчу. Пачалася Другая сусветная вайна.

«Мы кажам, што пакт Молатава-Рыбентропа зрабіў Савецкі Саюз адным з тых, хто развязаў вайну. А калі адысці крыху далей: Мюнхенская змова. Чаму дзеянні тагачасных лідараў Еўропы, якія прывялі да захопу Чэхаславакіі, вы не лічыце элементам у развязанні Другой сусветнай вайны?» – задае пытанне вядоўца «Intermarium» Павел Мажэйка.

З гэтаю тэзай згаджаецца яшчэ адна ўдзельніца дыскусіі, беларуска-шведская даследчыца эканамічнай палітыкі нацыстаў на тэрыторыі Беларусі са Стакгольму Святлана Казлова: «Пасля Мюнхенскага пагаднення Гітлер казаў у коле сваіх набліжаных асобаў: мне развязалі рукі, і можна дзейнічаць далей».

Святлана Казлова і Франк Галчэўскі. Фота belsat.eu

Мюнхенская канферэнцыя адбылася пасля аншлюсу Гітлерам Аўстрыі ў 1938 годзе. Францыя і Брытанія, у той час – найбольш магутныя дзяржавы на кантыненце, вялі дыпламатычную гульню з мэтай не дапусціць вайны ў Еўропе. Яны пайшлі на саступкі Гітлеру і пагадзіліся перадаць Нямеччыне некаторыя раёны Чэхаславакіі. Гітлер успрыняў гэта як праяву слабасці еўрапейскіх лідараў, і ўвосень 1938 году парушыў Мюнхенскія дамовы, заняўшы большую частку Чэхіі.

«У Мюнхене не рыхтавалі Другой сусветнай вайны, а толькі няўдала спрабавалі выправіць існуючы парадак, каб супакоіць тэрытарыяльныя патрабаванні Нямеччыны. Наіўна думаючы, што гэта будуць апошнія патрабаванні, як у гэтым усіх запэўніваў Гітлер, – адказвае Марэк Корнат. – Але насамрэч менавіта пакт Молатава-Рыбентропа знішчыў Версальскую сістэму і распачаў вайну. Мюнхен толькі аслабіў мір у Еўропе».

«Мэтаю адной дамовы было ўтрымаць мір у Еўропе, другой – гэты мір зруйнаваць», – падтрымлівае суразмоўцу Іван Патрыляк.

Але вайна магла пачацца зусім інакш. Не сакрэт, што пасля таго, як Польшча і Нямеччына падпсіалі Дэкларацыю аб непрымяненні сілы, стасункі паміж імі значна палепшыліся.

«У сакрэтных прамовах Гітлера ў траўні і жніўні 1939 вядзецца пра тое, што ў яго быў план пачаць вайну з заходняга накірунку. Папярэдне дамовіцца з палякамі, зрабіць іх сваімі васаламі і пазней разам напасці на Савецкі Саюз», – распавядае Марэк Корнат.

Чаму палякі, якія змагаліся супраць Расеі ў паўстаннях XIX ст. і супраць Савецкага Саюзу ў 1919-20 гадах, не выкарысталі магчымасці напасці на яго разам з немцамі? І як да пакту Молатава-Рыбентропа ставіцца беларусам, калі ўлічыць, што ён аб’яднаў заходнюю і ўсходнюю часткі Беларусі ў адну краіну? Глядзіце ток-шоу «Intermarium» (відэа ў пачатку артыкула).

Глядзець іншыя выданні ток-шоу «Intermarium»

ІА, belsat.eu

Больш матэрыялаў

Былі расстраляныя 3 рэктары БДУ, 10 рэдактараў газеты «Звязда». Як знішчалі Беларусь

Ці мы гэтак жа пераможам Лукашэнку, як палякі перамаглі камуністаў?

Як Расея магла знікнуць з мапы свету і прычым тут беларусы

«Беларусаў называлі туземцамі». Як Расейская імперыя рабавала ВКЛ

Беларусы пацярпелі найбольш? Як Крэмль ставіў эксперыменты над народамі

Касцюшка: навошта беларусы адмаўляюцца ад героя?

Агенты ці змагары за Беларусь? Шукаем праўду пра КПЗБ

Ці выжыла б ВКЛ без палякаў?