Як рэагуюць на беларускую мову ў расейскай вёсцы ля Смаленску


Праграма «Вяскоўцы» трапіла ў вёску Кавалёўка на Смаленшчыне.

Вядоўца Віктар Шукеловіч адведаў маладую сям’ю Петуховых, якія шукаюць свабоду ў расейскім паселішчы. Антон – эканаміст паводле адукацыі, а ягоная жонка Дарʼя – мастачка-дызайнерка. Яны жылі і працавалі ў вялікіх гарадах, але не пачуваліся там камфортна, таму, пабраўшыся шлюбам, вырашылі перабрацца на сталае жыхарства ў вёску. Цяпер яны будуюць у Кавалёўцы непадалёк ад Смаленску свой дом і ўладкоўваюць будучую сядзібу.

Сужэнства Петуховых не адмаўляецца ад выгодаў цывілізацыі, але імкнецца жыць паводле колішніх традыцыяў і ўзораў, правераных шматгадовым досведам продкаў. Самае зручнае адзенне для іх – гэта льняныя ўборы, пашытыя паводле традыцыйнага крою. Праз гэта іх часта блытаюць з удзельнікамі фальклорных калектываў.

Маладыя муж і жонка аддаюць перавагу натуральнай ежы: самі робяць крупы, пякуць хлеб, сушаць зёлкі, ціснуць алей, збіраюць мёд і гэтак далей. Лішкі прадуктаў яны прадаюць. Як падкрэсліваюць, попыт на натуральныя харчы ўзрастае, бо людзі, якія пакаштавалі гэткую ежу, ужо не хочуць вяртацца да крамнай.

Вядоўца Віктар Шукеловіч завітаў і да іншых жыхароў Кавалёўкі. Ці ўсе тут зразумелі беларускамоўнага журналіста і з-за чаго ён пайшоў у заклад з 80-гадовым тутэйшым гаспадаром – глядзіце ў прэмʼерным выданні «Вяскоўцаў».

Праграму «Вяскоўцы» глядзіце кожную сераду а 18:35 на тэлеканале «Белсат» праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн або ў закладцы «Праграмы» на нашай старонцы. І сачыце за намі ў Facebook.