Як перажыць Галодныя Еўрагульні? NEXTA на «Белсаце»


5750 долараў – у столькі, паводле папярэдніх падлікаў, Беларусі пакуль абыходзіцца прыцягненне аднаго замежнага заўзятара на Еўрагульні: нават сам хітры Лёсік у шоку! Падрыхтоўка на самым высокім узроўні, чыноўнікі перастрахоўваюцца: нават забаранілі людзям купацца… у газонах! Падрабязнасці – у суб’ектыўным аглядзе самых нетыповых навінаў тыдня.

Звыклыя нам турыстычныя параднікі па факце падобныя паміж сабой як мільёны кропляў вады. А што, калі такі гайд будзе раіць, што НЕ варта рабіць на тэрыторыі той ці іншай краіны? Рух «За Свабоду» стварыў менавіта такі спіс парадаў турыстам да Еўрапейскіх гульняў. Сюды ўвайшлі такія пункты як:

– Не хадзіць арганізаваным натоўпам;

– Не чапаць і не фатаграфаваць скульптуру Гарадавога;

– Не фатаграфавацца з дзяржаўнымі будынкамі (сачыце за наяўнасцю сцягоў на гэтых будынках);

– Не адпачываць на газонах;

– Быць гатовымі да начных ператрусаў і асабістых даглядаў у гасцініцах.

Праўда, з апошнімі падзеямі ўзнікае пытанне, ці застанецца актуальным гайд пры новым Міністры ўнутраных справаў?

Менчукі ж дзівяцца стварэнню такога спісу парадаў. І прапаноўваюць дадаць туды свае пункты. Пунктаў у парадніку пакуль усяго толькі пяць, але яшчэ пяць ужо чакаюць сваёй чаргі на ўключэнне ў гайд. І надалей кожны беларус можа прапанаваць нешта сваё для папаўнення гэтага спісу, проста пазначыўшы ў сваім допісе афіцыйны хэштэг гульняў.

Але самы галоўны лайфхак гэтых гульняў: у любой незразумелай сітуацыі на пытанні, хто вы і што тут робіце, адказвайце на якой-небудзь замежнай мове: I donʼt know!

Марыя Арцыбашава, belsat.eu