Як Магілёў паўстаў супраць Масквы


Вялікім і слаўным горадам Магілёў стаў у эпоху Вялікага княства Літоўскага. Напачатку Новага часу ён быў другім па велічыні ў краіне пасля сталічнай Вільні.

І хоць Магілёў не меў такой слаўнай сярэднявечнай гісторыі, як Полацк, Смаленск ці Віцебск, ягоныя жыхары напоўніцу скарысталіся сваім геаграфічным размяшчэннем на буйной гандлёвай рацэ ды спрыяльнымі гістарычнымі абставінамі.

Магілёў заснаваны на беразе Дняпра ў сярэднявеччы, магчыма, напрыканцы Х ці ў ХІ ст. Высокія берагі з пагоркамі ды ярамі спрыялі абароне паселішча. Упершыню ў пісьмовых крыніцах Магілёў згадваецца ў канцы XIV ст. у знакамітым «Спісе гарадоў рускіх далёкіх і блізкіх».

Адносна не далёкая Масковія стала для Магілёву залатой жылай. Гэта быў рынак збыту для кваліфікаваных рамеснікаў і сапраўдная крыніца багацця для гарадскога патрыцыяту – буйных купцоў. Магілёў пачаў выконваць ролю перавалачнага пункта тавараў і сыравіны паміж Цэнтральнай і Заходняй Еўропай ды Масковіяй.

У пачатку XVII ст. гэта быў багаты і вялікі горад з насельніцтвам каля 15 тыс. – гарадскі цэнтр, значны нават паводле еўрапейскіх мерак. У Магілёве жылі і працавалі ювеліры-злотнікі, алейнікі, дойліды, бондары, хлебнікі, багамазы (іканапісцы), шкляры, шаўцы, кавалі ды іншыя рамеснікі. У найлепшыя часы ў Магілёве было некалькі дзясяткаў рамесных цэхаў. Рэй вялі багатыя купцы з патрыцыяту, якія трымалі ў горадзе ўладу і часам ёй злоўжывалі, што выклікала не толькі пратэсты, але і бунты гарадскога паспольства.

Горад Магілёў у часы Вялікага княства Літоўскага не толькі стаў другім па велічыні пасля Вільні, але стварыў унікальны культурніцкі і мастацкі асяродак. У XVII ст. у Магілёве сфармаваліся некалькі мастацкіх школаў – архітэктуры, кніжнай графікі і кнігадруку, высокамастацкае рамяство, вялося ўласнае летапісанне. 150 гадоў дзейнічала Магілёўская брацкая друкарня, пры якой працавалі выбітныя мастакі-гравёры.

Калі ў Рэчы Паспалітай пачалася контррэфармацыя і прыгнятанне праваслаўных, магілёўцы паспадзяваліся на дабрадзейства аднавернага маскоўскага цара, у чым неўзабаве горка расчараваліся. У 1661 годзе тут выбухнула знакамітае антымаскоўскае паўстанне. Раней, у 1654 годзе, калі Маскоўская дзяржава напала на Рэч Паспалітую, часткаю якой тады было ВКЛ, Магілёў паддаўся цару. Але амаль адразу пачаліся канфлікты праз розніцу дзяржаўнага ладу: магілёўцы былі прызвычаеныя да самакіравання і не прымалі чальцоў гарадской адміністрацыі, накінутых царом. Да таго ж, маскоўскае войска не грэбавала рабаўніцтвам.

Чым скончылася антымаскоўскае паўстанне? Чаму ў свой час Магілёў апярэдзіў такія старажытныя і буйныя цэнтры як Полацк, Віцебск, Смаленск? І адкуль у Магілёве праваслаўныя храмы ў стылі барока? Пра гэта вы даведаецеся з новага выдання праграмы «Загадкі беларускай гісторыі» (відэа ў пачатку артыкула).

Праграма «Загадкі беларускай гісторыі» выходзіць на «Белсаце» кожны панядзелак а 18:45. Глядзіце праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн і ў архіве на нашай старонцы.

belsat.eu