Як Лукашэнка недаацаніў беларускіх жанчын


Хто стаяў за арганізацыяй жаночых пратэстаў, чаму адзін з кіраўнікоў БХД быў вымушаны пакінуць краіну, як уцекачы з Беларусі даюць рады ў Літве – даведаемся ў выпуску праграмы «Беларускі свет».

Марына Ментусава – беларуска, якая пераехала жыць у Расею шэсць гадоў таму. Жанчына працуе івэнт-дырэктаркаю. Калі ў Беларусі пачаўся жорсткі разгон мірных пратэстаў, Марына не змагла заставацца ў Маскве, ейнай дачцэ тады яшчэ не было і шасці месяцаў, але маладая маці пастанавіла прыляцець у Менск.

«Мне вельмі хацелася прынесці нейкую максімальную карысць, я не вельмі разумела, як магу гэта зрабіць. Што можа чалавек з досведам у івэнт-менеджменце зрабіць? Мы селі размаўляць з мужам, і мне захацелася зноў выйсці замуж, калі зразумела, што муж спакойна адпраўляе мяне, па сутнасці, у нейкае пекла», – згадвае няпростае рашэнне Марына.

У Менску разам з сяброўкаю яны прыдумалі, як скарыстаць моц і прыгажосць жанчын Беларусі, – гэтак паўстаў першы жаночы ланцуг салідарнасці ў Менску. Фотаздымкі беларусак у белым адзенні ды з кветкамі ў руках абляцелі ўвесь свет.

«Мы трошкі згулялі на гэтым патрыярхальным ладзе хлопцаў, якія працуюць у сілавых структурах. Для іх жанчыны не ўспрымаюцца як канкурэнт. Чаму, на мой погляд, Лукашэнка дапусціў Ціханоўскую гэтак далёка? Хто гэта? Кухарка. Як дапусціць кухарку да кіравання краінай? Ён у прынцыпе недаацэньвае жанчын», – лічыць адна з арганізатарак жаночых пратэстаў.

Таксама ў праграме «Беларускі свет»:

  • Дзеяч БХД Георгій Дзмітрук арганізоўваў у Кобрыне паслявыбарчыя акцыі пратэстаў, праз што вымушаны быў пакінуць краіну і цяпер жыве ў Беластоку.
  • Каманда дабрачыннае арганізацыі «Дапамога» падтрымлівае беларускіх уцекачоў, вымушаных праз палітычныя рэпрэсіі з’ехаць у Літву.

Праграма «Беларускі свет» выходзіць на «Белсаце» па аўторках а 19:05. Глядзіце праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн і ў архіве на нашай старонцы.

Belsat.eu