Як бізнес пры Лукашэнку абыходзіць санкцыі. Расследаванне «Белсату»


Нафтавыя схемы Тэрнаўскага. Як бізнесоўцы, набліжаныя да Лукашэнкі, выводзяць у афшоры мільёны долараў і абыходзяць санкцыі Еўразвязу? Расследаванне «Белсату» – у праграме «Давайце разбірацца».

Расейская нафтавая субсідыя – асноўны рухавік дзейнай эканамічнай мадэлі Беларусі. Узамен на паступовыя саступкі суверэнітэту Масква прадае нафту Менску з істотнай зніжкай, а Менск прадае вырабленыя з яе нафтапрадукты за мяжу паводле сусветных коштаў. Гэтыя прыбыткі дазваляюць пакрываць страты дзяржаўнай прамысловасці. Але ці толькі на дзяржаўныя патрэбы ідуць нафтавыя прыбыткі?

Гэтае расследаванне прысвечанае Анатолю Тэрнаўскаму – так званаму нафтаваму барону Беларусі. Некалі ён быў шчыльна звязаны не толькі з дзяржаўнымі структурамі, але і непасрэдна з сям’ёй Аляксандра Лукашэнкі.

Імя Тэрнаўскага ў Беларусі заўжды асацыююць з больш вядомай фігурай сябра Лукашэнкі – Міхаіла Гуцэрыева. У канцы 1990-х і на пачатку 2000-х Гуцэрыеў кіраваў беларуска-расейскай дзяржаўнай кампаніяй «Слаўнафта», якая выкупіла амаль палову Мазырскага нафтаперапрацоўчага заводу. Тэрнаўскі быў ягоным намеснікам і прадстаўніком у Беларусі.

У 2002 годзе, калі кантроль над «Слаўнафтай» перайшоў да прыватных расейскіх структураў, Тэрнаўскі зрабіўся самастойным гульцом на беларускім рынку нафтапрадуктаў. З цягам часу ягоныя структуры сталі найвялікшымі падаткаплатнікамі ў беларускі бюджэт пасля двух дзяржаўных нафтаперапрацоўчых заводаў.

«У іх з’явілася кампанія «Юнівест-М», гэта былі 2000-я гады. І ў іх усё ўверх пайшло, пастаўкі праз Беларусь былі праз гэтыя сувязі. Пастаўлялі сюды нафту на перапрацоўванне, зараблялі на продажах. Тыя лёгкія грошы яны ўкладалі ў беларускую нерухомасць, у беларускія прадпрыемствы», сцвярджае Аляксандр Заяц, эканамічны аглядальнік TUT.BY.

Тэрнаўскаму ў Беларусі таксама належаць «ЮнівестБудІнвест», Ювараград», Смалявіцкі завод жалезабетонных вырабаў, «Юніс Ойл», «Ю-буд» і шэраг іншых прадпрыемстваў. Найбуйнейшы праект бізнесоўца на сённяшні дзень – забудова жылога раёну «Нотынгем» каля Калодзішчаў.

Праект першапачаткова меў выконвацца супольным прадпрыемствам, якім валодалі структуры Тэрнаўскага, і прэзідэнцкі спартовы клуб, якім кіруе Дзмітрый Лукашэнка.

 

Жонка Дзмітрыя, Ганна Лукашэнка, працавала ў адной з кампаніяў Тэрнаўскага – «Юнівест-М». Велізарны надзел дэфіцытнай прысталічнай зямлі пад забудову яны атрымалі праз адмысловы ўказ Аляксандра Лукашэнкі.

У красавіку 2012 года Еўразвяз наклаў санкцыі на Тарнаўскага. Прычына – набліжанасць да сям’і Лукашэнкі, якога Еўразвяз такім чынам хацеў змусіць прыцішыць рэпрэсіі супраць палітычных апанентаў.

Санкцыі выклікалі істотныя нязручнасці для Тэрнаўскага, паўплываўшы на ягоны бізнес у Расеі. Там ён спрачаўся са сваім былым партнёрам Аляксеем Лакціёнавым за ТАА «Нафтатранс», якое кантралявала перавалку чачэнскай нафты.

Тэрнаўскі выйграў суд на Кіпры, дзе былі зарэгістраваныя афшоркі-ўласнікі «Нафтатрансу», але выгаднае для яго рашэнне адмянілі, бо санкцыі Еўразвязу забаранялі любыя транзакцыі, у якіх Тэрнаўскі быў бы бенефіцыярам.

Але, як выявіла нашае расследаванне, супольна з міжнародным Цэнтрам расследаванняў карупцыі і арганізаванай злачыннасці, санкцыі не заўсёды аказваліся дзейнымі супраць гаманца Лукашэнкі, як яго называла Еўракамісія.

Расследаванне стала магчымым дзякуючы доступу да Панамскіх дакументаў, дадзеным нямецкім выданнем Süddeutsche Zeitung і Міжнародным кансорцыюмам журналісцкіх расследаванняў.

Гэтыя дакументы ўяўляюць сабой злітае ўнутранае ліставанне кампаніі «Масак Фансэка» – аднаго з найбуйнейшых у свеце выканаўцы паслугаў па хаванні прыбыткаў у афшор. Як выявілася з гэтай перапіскі, Анатоль Тэрнаўскі карыстаўся афшорнымі паслугамі «Масак Фансэка» з 1995 года.

«Panama Papers – это огромный слив информации из уже не действующей панамской компании, которая предоставляла всякие услуги для разных богатых людей всего мира. Это открывание офшорных компаний и владение ими, изменения в контроле, контракты. Они делали все, что нужно для офшорного бизнеса», – сцвярджае рэдактар Цэнтру расследавання карупцыі і арганізаванай злачыннасці (OCCRP) Шарунас Чэрняўскас.

Паводле беларускай афіцыйнай статыстыкі, адзін з найбуйнейшых атрымальнікаў беларускіх нафтапрадуктаў – Вялікая Брытанія.

Найбуйнейшыя імпарцёры беларускай нафты

I-X 2020г. (тыс. долараў ЗША)

1. Україна 995 174,2
2. Вялікая Брытанія 656 012,7
3. Нідэрланды 147 374,7

Крыніца: Белстат

Насамрэч істотных аб’ёмаў беларускіх нафтапрадуктаў там не назіраецца. Англія – міжнародны лагістычны цэнтр для марскіх грузаў: у прыватнасці нафтавых. Адтуль дробныя партыі розных дастаўцаў, якія паступаюць з неглыбокіх партоў Балтыі, згружаюцца ў супертанкеры, якія развозяць прадукт за акіян.

«Мазут традыцыйна ідзе ў Сінгапур, бензін – або ў Лацінскую Амерыку, або ў Штаты. Дызельнае паліва – морам у Польшчу і Нямеччыну. Мы працуем з буйнымі сусветнымі трэйдарамі. Яны практыкуюць у партах узбуйненне партыяў нафтапрадуктаў. Бывае, мяняюць кірунак у партах. Таму мы можам нават і не ведаць, куды нашыя нафтапрадукты сыходзяць», – казаў былы намеснік генеральнага дырэктара БНК у камерцыйных пытаннях Сяргей Грыб.

Менавіта таму ў Брытаніі зарэгістраваная даччыная кампанія Беларускай нафтавай кампаніі. Там жа ёсць і невядомыя раней шырокаму колу грамадскасці афшорныя фірмы, якія займаюцца гандлем нафтапрадуктамі ў інтарэсах бліжняга кола Аляксандра Лукашэнкі. Частку з гэтых фірмаў знайшоў рэдактар міжнароднага Цэнтру супрацьдзеяння карупцыі і арганізаванай злачыннасці, кіраўнік літоўскага парталу «Сіена» Шарунас Чэрняўскас. І звярнуўся да «Белсату», каб правесці супольнае расследаванне знойдзеных матэрыялаў.

«Юнітрэйд» быў зарэгістраваны ў Вялікай Брытаніі і паказваў штогадовыя прыбыткі да паўмільёна долараў. Гэта адна з шэрагу афшорных структураў Тэрнаўскага.

 

Праз два тыдні, пасля таго, як Тэрнаўскі трапіў пад санкцыі, швейцарская фірма «Стэвал Мэнэджмэнт», якая прадстаўляла ягоныя інтарэсы, звярнулася ў «Масак Фансэка» з просьбай змяніць уласніка кампаніі «Роўпінг Маркетынг» на Віргінскіх выспах. Але ўгода мела быць зарэгістраваная прамінулай датаю, каб дзень змены быў за два тыдні да ўвядзення санкцыяў.

 

Уласніка змянілі – адну панамскую кампанію на іншую. Падобна, таму, што папярэдні ўласнік засвяціўся сваімі сувязямі з Тэрнаўскім, а значыць, даччыная кампанія «Роўпінг» – згаданая ўжо брытанская «Юнітрэйд», што гандлявала нафтапрадуктамі, магла трапіць пад санкцыі. Але дзякуючы падлогу з перарэгістрацыяй уласніка заднім чыслом – не трапіла.

Як выявілася пазней, гэтая віргінская «Роўпінг Маркетынг», што валодала брытанскай «Юнітрэйд», належала Наталлі Тэрнаўскай – дачцэ знанага бізнесоўца. Але Наталля сцвярджала, што яна адзіны беніфіцыяр кампаніі.

 

 

Пры гэтым сам Анатоль Тэрнаўскі меў даверанасць, каб праводзіць любыя аперацыі ад імя гэтай кампаніі. Са злітага ліставання паміж супрацоўнікамі «Масак Фансэкі» відаць, што яны ведалі пра сувязь Тэрнаўскага з «Роўпінг Маркетынг».

 

Але калі Агенцтва фінансавых расследаванняў Брытанскіх Віргінскіх выспаў запрасіла ў «Масак Фансэка» інфармацыю аб гэтай фірме, яны схлусілі ды сказалі, што намінальны бенефіцыяр – швейцарская «Стэвал Мэнэджмэнт» – і ёсць рэальны бенефіцыяр. Пазней, прыблізна праз год, улады Віргінскіх выспаў даведаліся, што «Роўпінг Маркетынг» звязаны з Тэрнаўскім, але не паінфармавалі афіцыйны Лондан. Як вынік, даччыная структура «Роўпінг Маркетынг» – «Юнітрэйд» так і не пацярпела ад абмежаванняў Еўразвязу.

Belsat.eu

Калаж з фота: Sergei Sheleg / TASS / Forum, Viktor Drachev/TASS/Forum