Як беларусы павіншавалі з днём народзінаў Радыё Свабода?


У Беларусі пра незалежных журналістаў звычайна згадваюць у сувязі з рэпрэсіямі супраць іх: кагосьці аштрафавалі, не далі акрэдытацыі, адмовілі ў каментары. А таму прыемна гаварыць пра беларускую журналістыку ў пазітыўным святле. Нашыя калегі з Радыё Свабода адзначылі свой медыйны дзень народзінаў: 65 гадоў таму, 20 траўня 1954 года, у эфіры прагучала першая перадача Радыё Свабода, а дакладней – Радыё Вызваленне, як яна тады называлася.

У Студыі «Белсат» мы паразмаўлялі з Аляксандрам Лукашуком, дырэктарам беларускай службы Радыё Свабода, а таксама спыталі жыхароў Гомля, чаго яны зычаць Радыё Свабода на дзень народзінаў? Адказваюць гамельчукі:

«Каб пабольш праўды народ ведаў, бо мы ў няведанні!»

«Каб людзі прыслухоўваліся. І не толькі людзі, але і ўлады прыслухоўваліся да гэтага. Таму што ўлада знаходзіцца ў народа, і пра гэта не варта забывацца».

«Хачу пажадаць гэтаму радыё, каб больш было ў нас у Беларусі беларускага, нацыянальнага. Кахаем ваша радыё!»

«Выхаванне – гэта вельмі важна насамрэч! Інфармацыйнае поле вельмі важнае. Будзьце з намі!»

«Каб мы больш ведалі!»

«Каб пра яго больш чутно было! Бо я чула пра яго, але не глядзела, магчыма, толькі на YouTube нешта траплялася».

«Бліжэй да нас, да людзей да 25-30 гадоў. Каб не толькі пра палітыку!»

«Пабольш праглядаў, падпісчыкаў, лайкаў, каб рэйтынг заўсёды быў!»

«Каб вас менш затрымлівалі, менш давалі вам сутак і штрафаў, каб вы працавалі як у нармальным грамадстве, нармальнай дзяржаве!»

belsat.eu