Рэпартаж пра Ксенію Аўсянік глядзіце ад 12:50 хвіліны
Менскія выкладчыкі танцаў калісьці казалі Ксеніі Аўсянік, каб не спадзявалася стаць вядомай танцоркай. Цяпер яна – прыма-балерына Берлінскай дзяржаўнай оперы. Рэпартаж пра яе зняла праграма «Беларускі свет».
Спачатку Ксенія Аўсянік займалася ў фальклорным ансамблі «Ровесник» і хадзіла на акрабатыку. Таму што ў Менску балетная школа пачынаецца толькі з дзевяці гадоў.
«На другім годзе яе хацелі мяне адлічыць, таму што я не пасавала: маленькая, кароткая шыя, мышцы былі з акрабатыкі напрацаваныя – шырокія плечы», – узгадвае Ксенія.
Калі ёй споўнілася 15, яна даведалася пра магчымасць атрымаць стыпендыю ў Лазане (Швейцарыя):
«Як высветлілася, я нават не прайшла першы тур. Але для тых, хто не прайшоў, усё адно зрабілі занятак, і дырэктары школаў прыйшлі глядзець. Нейкім чынам мне пашанцавала, і тры дырэктары прапанавалі прыехаць вучыцца да іх».
Адзін з іх быў з Ангельскай нацыянальнай школы балету. У выніку Ксенія восем год адпрацавала ў Лондане. «У кожнай трупы ёсць свой рэпертуар. І калі ўвесь яго ператанчыш, адчуваеш, што трэба развівацца далей».
Цяпер яна – прыма-балерына Берлінскай дзяржаўнай оперы і танчыць сольныя партыі ў самых знакамітых спектаклях. У перыяд зімовых святаў гэта «Шчаўкунчык».
«Гэта асаблівы спектакль, таму што звязаны з Новым годам, з Раством, – тлумачыць Ксенія. – Вельмі асаблівая атмасфера. Заўсёды вельмі прыемна танчыць. У гледачоў заўсёды добры настрой, і ты разумееш, што дорыш нейкую казку».
Праграма «Беларускі свет» выходзіць на «Белсаце» па аўторках а 19:05. Глядзіце праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн і ў архіве на нашай старонцы.