Як беларусаў прымушаюць двойчы плаціць адзін падатак




Утылізацыйны збор у Беларусі аплочваюць пры ўвозе аўтамабіля з-за мяжы з 2014 года. З 2016-га сума гэтага збору для фізічных асобаў павялічылася больш як у 8 разоў. Калі везці з Расеі аўтамабіль, старэйшы за 3 гады, – збор складзе каля 750 рублёў. Калі машыне няма 3 гадоў – каля 500.

«Планую купіць аўтамабіль у Расейскай Федэрацыі. Але сутыкнуўся з праблемаю ўтылізацыйнага збору. Звярнуўся ў камунальныя службы з мэтаю ўтылізацыі свайго старога аўтамабіля. Дзе мне сказалі, што гэтая паслуга платная. Вываз, утылізацыя. Гэта блюзнерства нейкае. Я з гэтым катэгарычна не згодны», – кажа мужчына, які хоча набыць аўтамабіль у Расеі.

Узнікае пытанне, куды ідзе ўтылізацыйны збор. Афіцыйная версія – накіроўваецца на знішчэнне аўтамабіляў, якія больш не эксплуатуюцца. Але простаму беларусу за тое, каб утылізавалі ягоны стары аўтамабіль, трэба заплаціць. Калі не здасі самастойна машыну на знішчэнне, за цябе можа зрабіць гэта ЖКГ – і потым выставіць рахунак.

«За разбіранне аўта ЖКГ трэба неяк плаціць, таму яны ўскладаюць выдаткі на чалавека, які хоча гэтую машыну здаць», – распавядае Уладзімір Бойка, дырэктар «Беларускай утылізацыйнай кампаніі».

Здаваць аўтамабіль на ўтылізацыю прыватнікам – таксама платна. Трэба аддаць каля 30 рублёў за тое, што машыну даставяць, напрыклад, ад вашага дому да пункту перапрацоўкі. А вось калі аўтамабіль урос у зямлю і яго яшчэ трэба будзе адтуль выкапаць – паслуга абыдзецца да 100 рублёў. Можна, вядома, разабраць машыну і самому. Каб здаць запчасткі на метал. Але выдаткаў атрымаецца больш, чым прыбыткаў.

«100 з нечым рублёў ён атрымае кампенсацыі, колаў на балгарку наматае на 70 рублёў, свайго часу на 200, застанецца ў яго ў гаражы куча пластыку ды іншых незразумелых дэталяў, якія ён не будзе ведаць, куды падзець», – дадае Уладзімір Бойка.

Можна яшчэ паспрабаваць прадаць машыну на запчасткі. Але калі вашае аўта ў дрэнным стане, то спадзявацца на продаж – марна. Найчасцей усе шляхі вядуць менавіта да ўтылізацыйных кампаніяў.

«Метал здаецца перапрацоўнікам, перапрацоўнікам каляровых металаў, усе адкіды сартуюцца, таксама кудысьці здаюцца. За нешта нам ужо самім даводзіцца плаціць. На нейкі мінімальнай дэльце і жывем», – кажа Уладзімір Бойка, дырэктар «Беларускай утылізацыйнай кампаніі».

Можна было б лічыць, што ўтылізацыйны збор увялі, каб рэгуляваць увоз аўтамабіляў з замежжа і зменшыць адток грошай у іншыя дзяржавы. Але ў Расеі, нават з улікам утылізацыйнага збору, у большасці выпадкаў аўта каштуе танней. І беларусы па-ранейшаму гоняць машыны ад суседзяў.

Атрымліваецца, што ўтылізацыйны збор – гэта яшчэ адзін спосаб заткнуць дзіркі ў дзяржаўным бюджэце. Бо на справе дзяржава ніяк не кампенсуе выдаткаў на знішчэнне старых аўтамабіляў, а беларусы проста плоцяць двойчы за адзін і той жа працэс.

Таксама ў праграме «Асабісты капітал»:

  • Чаму беларускія агуркі даражэйшыя за галандскія
  • Берасцейшчына з Гарадзейшчынай уратуюць Беларусь
  • Якія падарункі беларусы атрымліваюць на святы

Праграма «Асабісты капітал» цалкам:

Глядзіце праграму «Асабісты капітал» кожны панядзелак а 19:00 на тэлеканале «Белсат», а таксама онлайн на нашым сайце.

Далучайцеся да нашых старонак ў Facebook ды Одноклассниках.

Падпісвайцеся на нашу рассылку і раз на месяц вы будзеце атрымліваць ліст з чатырма найбольш карыснымі сюжэтамі «Асабістага капіталу».