У нафтавай вайне Беларусі з Расеяй нашую краіну на гэтым тыдні падтрымалі – пакуль толькі сімвалічна – Польшча ды ЗША. Цяпер словы Лукашэнкі пра рэверсныя пастаўкі нафтаправодам «Дружба» не выглядаюць блефам. Аднак пасля нечаканага асабістага ўмяшання Пуціна можна казаць пра хуткае завяршэнне канфлікту. І хаця ў ім, напэўна, адбудзецца яшчэ не адна бітва, як будзе выглядаць ландшафт пасля гэтай спрэчкі для Менску – ужо зразумела. Сюжэт Дзяніса Дзюбы.
Толькі цяпер Міністэрства замежных справаў Беларусі апублікавала справаздачу пра вынікі сваёй працы за 2019 год. Знешнепалітычнае ведамства запэўнівае, што нашая краіна захоўвае свае абавязкі перад стратэгічным саюзнікам і асноўным гандлёвым партнёрам, Расеяй, але працягвае ўмацоўваць адносіны на еўраатлантычным вектары. Якія яшчэ дасягненні ў замежнай палітыцы былі летась, а ў чым былі паразы – разбіраліся Наста Ільіна і Усевалад Шлыкаў.
Упершыню ў гісторыі на лаву падсудных трапілі два экс-прэзідэнты. Гаворка пра Арменію, дзе два гады таму адбылася аксамітная рэвалюцыя. Да працэсу супраць Робэрта Качар’яна, арыштаванага летам 2018-га, дадаўся на гэтым тыдні і працэс супраць Сэржа Саргсьяна. 25-га лютага ўвойдзе ў гісторыю як унікальны дзень, ва ўсякім разе, для постсавецкай прасторы. Пра што гэта сведчыць? Сюжэт Аркадзя Несцярэнкі.
Сітуацыю ў Арменіі каментуе Рубэн Мэграб’ян – эксперт Армянскага інстытуту міжнародных дачыненняў і бяспекі
Турэцкая армія панесла першыя сур’ёзныя страты ў сірыйскім канфлікце. У выніку авіяналёту сірыйскай авіяцыі пры падтрыманні Расеі ў правінцыі Ідліб загінулі як мінімум 33 турэцкія жаўнеры. Рэджэп Эрдаган правёў экстранную нараду ў пытанні бяспекі, і Турцыя адкрыла агонь у адказ па пазіцыях сірыйска-расейскай кааліцыі. Турцыя разважае пра наступныя крокі і закрывае доступ да ўсіх сацыяльных сетак. Сітуацыя ў Сірыі змяняецца імкліва. Толькі нядаўна Пуцін і Эрдаган публічна ледзь не цалаваліся, але ці сапраўды яны гатовыя цяпер счапіцца ў поўнамаштабным канфлікце? Высвятляў Зміцер Міцкевіч.
Фота на прэв’ю: Mikhail Tereshchenko/TASS/Forum
Міжнародны тэлечасопіс «ПраСвет» з Алінаю Коўшык ды Сяргеем Пелясою глядзіце штотыдзень у пятніцу а 21:20. Падпісвайцеся на «Прасвет» у профілях у Facebook і «Аднакласніках»! Глядзіце нас праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн, на YouTube-канале і на нашай старонцы.