Ягор Марціновіч: Праз некалькі гадоў могуць з'явіцца Дразды-3


Галоўны рэдактар «Нашай Нівы» выказаўся ў эфіры «Белсату» пра элітныя менскія ўчасткі, якія выдзяляюць беларускім чыноўнікам.

Галоўны рэдактар выдання Ягор Марціновіч працягвае сачыць за ўзлётам Наталлі Качанавай, цяперашняя кіраўніца Адміністрацыі кіраўніка краіны. Літаральна за чатыры месяцы – з чэрвеня па кастрычнік мінулага года – чыноўніца абскакала ў чарзе на жытло больш за 10,5 тыс. чалавек ды атрымала ўчастак пад катэдж у Драздах. Папросту касмічная хуткасць!

Глядзіце таксама:

Цікава, што гэткае права Качанавай не гарантуе аніводзін прававы акт. Паводле закону, зямля пад будаўніцтва катэджаў у Менску спачатку прапаноўваецца шматдзетным семʼям з чаргі, пасля чаго, у выпадку адсутнасці ахвотнікаў, участак выстаўляецца на аўкцыён. Сямʼя чыноўніцы – яна ды муж. Каб трапіць у ільготны спіс, трэба пражыць у сталіцы 10 гадоў – Качанава ж прыехала ў Менск у снежні 2014-га. Паводле аўтара публікацыі, катэдж кіраўніцы Адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі будзе каштаваць прынамсі як сярэдні заробак беларуса за… 175 гадоў. У «Гарачым каментары» – галоўны рэдактар «Нашай Нівы» Ягор Марціновіч.

«Асобаў у атачэнні Лукашэнкі шмат, але ідзе нейкая натуральная змена пакаленняў. Калі ўзгадаць старых міністраў: вось умоўны Навумаў атрымаў участак у Драздах, а прыйшоў цяпер Шуневіч і атрымаў участак у Драздах-2. Паколькі ў старых чыноўнікаў не адбіраюць дамы, то лагічна, што ўвесь час трэба пашырацца. Не ведаю, можа, праз 3-4 гады пойдзе гаворка пра Дразды-3, бо ўжо раздаюцца апошнія ўчасткі: хто з чыноўнікаў ускочыў – той і атрымае, а іншым давядзецца чакаць нейкай іншай нагоды», – адзначыў Ягор Марціновіч.