«Я задзяўбаўся!». Як журналісты камунальнікаў разварушылі


Сталічны дзевяціпавярховік, што мае адрас Любімава 40 корпус 1, пераўтварыўся для некаторых жыхароў у вязніцу… праз замену ліфта. Спадарыня Наталля на вуліцы апошні раз была пры канцы студзеня.

«Я вельмі хачу выйсці на вуліцу, мне трэба наведаць паліклініку, зрабіць аналізы. У мяне шмат праблемаў са здароўем. Лекараў я не выклікаю, таму што ім патрэбна ўздымацца на 9-ы паверх, я гэта выдатна разумею. Хуткую праблематычна выклікаць – таксама 9-ы паверх», – скардзіцца спадарыня Наталля.

Ліфт у доме пачалі мяняць на пачатку лютага, і неаднаразова пераносілі тэрмін запуску. Праз два з паловаю месяцы жыхары ўжо не стрымліваюць эмоцыяў.

«Жахліва! Штодня ў паліклініку нахадзіся пешшу! Я задзяўбаўся!», – кажа жыхар дому.

У красавіку праблемаў дадалося: у пад’ездзе знікла святло. Тыя, хто ідзе на працу прыцемкам або позна вяртаецца дахаты, вымушаныя асцерагацца.

«Саслізне нага, вось, у цемры. Уявіце сабе! Вось нага саслізнула – добра, што парэнчы былі, і я на іх павісла. А каб не павісла – паляцела б кулём. Была б траўма, бальнічны. Гэта было 1 красавіка, а другога – муж прыйшоў з працы і кажа, што святла ў пад’ездзе няма, распавяла нам Марыя Астаповіч. – Патэлефанаваў на 115, прынялі заяўку, абяцалі направіць. Наступным днём ішоў – зноўку няма святла. Зноўку патэлефанаваў – там здзівіліся, зноўку паабяцалі, што ўсё направяць».

За два тыдні на праблемы жыхароў не адгукнулася аніводная камунальная служба. Спадарыня Марыя кажа, што вось такі першакрасавіцкі жарт яны атрымалі ад камунальнікаў.

Юрыстка Дарына Гулюта падкрэслівае: ужо праз месяц працаў для замены ліфта жыхары маглі ісці да камунальнікаў.

«Калі працы не былі выкананыя ў тэрмін, спажыўцам неабходна накіраваць пісьмовы зварот выканаўцу. Спажыўцы могуць патрабаваць кампенсацыі стратаў, могуць не аплочваць нявыкананай паслугі і могуць патрабаваць грашовую кампенсацыю маральнай шкоды», – тлумачыць юрыстка.

Каб развязаць праблему з асвятленнем у пад’ездзе, юрыстка параіла жыхарам звярнуцца ў пісьмовай або вуснай форме ў эксплуатацыйную арганізацыю. Недахопы жыллёва-камунальнай паслугі мусяць быць выпраўленыя неадкладна.

Працаўнікі ЖЭСу ад каментароў адмовіліся, але пры гэтым тэрмінова выехалі на месца і прадэманстравалі нам, што направілі асвятленне.

А вось ліфт так і не запрацаваў… Тады нашыя журналісты патэлефанавалі загадчыцы аддзелу капітальнага рамонту ЖКГ № 1 Маскоўскага раёну Менску Алесі Чыстай.

«Я як з вамі паразмаўляла, пагутарыла з падраднікам. Усё, ліфт зарэгістраваны ў «Прамнаглядзе». Зараз завязуць дакументы «ЛіфтСэрвісу». Усё, «ЛіфтСэрвісам» прынятыя. Мусяць запусціць ліфт або сёння ўвечары, або заўтра ранкам», – запэўніла Алеся Чыстая.

І сапраўды, пакуль гэты сюжэт рыхтаваўся да эфіру, мы звязаліся з жыхарамі дому 40 на вуліцы Любімава, і яны нам паведамілі, што ліфт нарэшце запрацаваў.

Таксама ў праграме «Маю права»:

  • Разам з валанцёрамі мы наведалі месцы для масавых мерапрыемстваў
  • Разам з праваабаронцам разбіраем новую версію закону
  • Беларусы – пра аплату масавых мерапрыемстваў
  • Былога асуджанага высяляюць з інтэрнату ў Горадні

Глядзіце праграму «Маю права» цалкам:

Праваабарончую праграму «Маю права» глядзіце кожную сераду а 19:05 на тэлеканале «Белсат» праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн або ў закладцы «Праграмы» на нашай старонцы.