«Я прыехаў з Расеі – абажаю беларускую мову». Бізнес звяртаецца да традыцыяў


Вядомыя тэатральныя акторы адзначылі Купалле не скокамі праз вогнішча, а чытаннем вершаў. Імпрэзу падтрымала кампанія Bosch.

Літаратурную альтэрнатыву старажытнаму святу зладзілі на тэрасе кавярні «Аўстэрыя Уршуля» каля Купалаўскага тэатру. Папараць-кветку сучаснай паэзіі шукалі Уладзімір Арлоў, Наста Кудасава, Уладзь Лянкевіч, Тацяна Нядбай, а ўлюбёныя класічныя творы чыталі акторы Раман Падаляка, Святлана Анікей, Валянціна Гарцуева, Міхаіл Зуй.

Да нацыянальных традыцыяў усё часцей звяртаецца бізнес. Цяпер паэзію Янкі Купалы ў выкананні актораў можна паслухаць, пазваніўшы на кантактную лінію сеткі аўтасэрвісаў Bosch, якая падтрымала і гэтую імпрэзу:

«Я сам слухаў, мы ўжо падключылі. Сапраўды вельмі прыемна. Для мяне беларуская мова не родная, я прыехаў з Расеі ў Беларусь працаваць, але я абажаю мілагучную беларускую мову. Для мяне сапраўды гэта як музыка», – распавядае Дзмітрый Скакун, эксперт развіцця кампаніі Bosch.

Для актораў Купалаўскага тэатру вершы і п’есы класіка ўжо сталі часткай жыцця. У дзень ягоных народзінаў яны дзеляцца эмоцыямі ад паэзіі:

«З ім жыў нейкі дух светлы беларускі, які ад гэтай зямлі да папараць-кветкі неяк усё гарманізуе. Я не ўяўляю, каб наш тэатр мог называцца іншым імем», – зазначае актор Міхаіл Зуй.

Бацькі акторкі Валянціны Гарцуевай таксама працавалі ў гэтым тэатры: «Побач са мною з маленства заўсёды быў Купала. Гэта проста родны чалавек для мяне. Некаторыя вершы я чытаю заўсёды. Не ведаю, як сказаць – для мяне гэта цёплае, гэта любоў, гэта каханне, гэта радзіма».

Скончылася імпрэза «вольным мікрафонам», дзе кожны мог павіншаваць класіка сваім паэтычным выступам.

 

Аляксандра Дорская, Сяргей Будкін, Ірына Дарафейчук

Іншыя тэмы:

  • Гурт з Петразаводску «Грамыка» выступіў з першым сольным канцэртам у Менску.
  • Трэці міжнародны арганны фэст праходзіць у Горадні.