Выстава пра хісткасць памяці


Ці можа тэкст ці стары фотаздымак распавесці праўду пра мінулае? Ці мы інтэрпрэтуем іх па-свойму, а насамрэч усё было па-іншаму? Такія пытанні ўздымае выстава ў Цэнтры сучасных мастацтваў.

Праект ствараўся цэлы год. Адмыслова для яго працавалі дзесяць беларускіх мастакоў, некаторыя з якіх даўно жывуць за мяжою. Выстава, што так і называецца, «Усё было па-іншаму», прысвечаная ненадзейнасці дакументальных матэрыялаў ды хісткасці нашай памяці.

«Усё, з чым мы сутыкаемся ў нашым свеце, – гісторыя, памяць, дакумент, сведчанне – усё вельмі не стабільна, не статычна. Ну, напрыклад, калі для кагосьці фота важнае як успамін, то для іншага гэта проста выява мужчыны і жанчыны. То бок абʼекты, дакументы, нейкія рэчы мяняюць сваё значэнне ў залежнасці ад таго, дзе яны пададзеныя і якім чынам»,  кажа Ганна Самарская, каардынатарка выставы.

Тут і вядомыя асобы сучаснага мастацтва, як Міхаіл Гулін ды Ігар Цішын, і новыя імёны. У сваім праекце «Касмадромы знікаюць» фатограф Аляксандр Цехановіч адлюстраваў закінутыя калгасныя зернясховішчы, свірны, стайні як рэшткі ўтапічнага мінулага. Мастачка Наталля Залозная паказала стан антракту – апушчаная заслона і невядомасць таго, што адбывалася на сцэне, дый што будзе пасля. У працы Уладзіміра Парфянка – фота на дакументы людзей розных прафесіяў і ўзростаў, яднае іх толькі момант замірання перад аб’ектывам. А мастачка Таццяна Радзівілка паставіла пасярод залы пясочніцу. Але калі капнуць глыбей, адразу бачнае дно – экран, на якім пясок бясконца прасыпаецца ўсярэдзіну. Ствараецца падманнае адчуванне глыбіні.

Мастачка Радзівілка ўзгадвае, як перабірала свой сямейны архіў і зразумела, што фатаграфіі прыгадалі ёй мноства таго, на то яна ўжо забылася:

«Я высветліла, што шмат чаго я зусім не памятаю. І, напэўна, мой праект пра тое, як вонкавыя абставіны мяняюць памяць».

Тэхнічна ўвасобіць ідэі мастакам дапамагла кампанія «Velcom». Выстава працягнецца месяц і будзе суправаджацца таксама лекцыямі ды майстар-класамі.

Іншыя тэмы:

IQ48 далі першы канцэрт пасля вяртання бубнача з Амерыкі.Выстава плакатаў польскага мастака Пятра Ізыдорчыка адкрылася ў мастацкай галерэі Леаніда Шчамялёва.

Аляксандра Дорская, Сяргей Будкін, Ірына Дарафейчу; фота: Марына Дрожджа-Сабоўская