Выйшаў новы альбом Лявона Вольскага «Гравітацыя»


Пра выхад рэлізу музыка напісаў на сваёй старонцы ў «Фэйсбуку». Альбом завяршае музычную трылогію, у якую таксама ўваходзяць кружэлкі «Грамадазнаўства» і «Псіхасаматыка». Трэцяя частка прысвечаная гісторыі чалавечага жыцця ад нараджэння да скону. Падрабязней пра альбом і песні, якія ў яго ўвайшлі, Лявона Вольскага распытала нашая карэспандэнтка Таццяна Уласенка:

«Альбом пра тое, з чаго пачынаецца жыццё чалавека і чым яно сканчаецца. У нашым выпадку атрымліваецца досыць несуцяшальнае падвядзенне вынікаў. У тым ліку і таму што тут мы існуем больш, чым у якіхсьці ЗША ці Брытаніі неадрыўна ад нашай дзяржавы, нашай улады, якая пры нагодзе абавязкова робіць уварванні ў наш сцэнар. Не толькі вышэйшая сіла робіць уварванні ў нашае жыццё, але і ўлады. Таму ў нас такая спецыфічная сітуацыя. Не толькі ў нас, шмат на якіх постсавецкіх тэрыторыях, той жа Туркменістан узяць, калі не горш. Я б не сказаў, што там усё сацыяльна-палітычнае такое, але як казаў класік марксізму-ленінізму, жыць у грамадстве і быць вольным ад яго наўрад ці магчыма…»

belsat.eu