Выбары ў ЗША: У цэнтры дыскусіі – суседняя Мексіка


Упершыню ў гісторыі выбараў у Злучаных Штатах Амерыкі прадметам грамадскай дыскусіі ды палітычных дэбатаў зрабілася… суседняя Мексіка. Пры гэтым жарсці перакінуліся і цераз мяжу. Улады Мексікі вымушаныя афіцыйна тлумачыцца перад абуранымі суграмадзянамі, навошта было сустракацца са скандальным кандыдатам на прэзідэнцтва ЗША рэспубліканцам Доналдам Трампам.

«Мы хацелі пераканаць яго ў непаслядоўнасці і нелагічнасці ягоных прапановаў. На жаль, спадар Трамп не зразумеў, наколькі ягоная пазіцыя ўскладніць жыццё не толькі мексіканцам, але і ўсяму свету», – патлумачыў міністр унутраных справаў Мексікі Мігель Анхель Асорʼё Чонг.

Абурэнне і пратэсты жыхароў Мексікі выклікала абяцанне Трампа збудаваць на мяжы з іхнаю краінаю сцяну, якая б спыніла плынь нелегальных мігрантаў у ЗША, ды аплочваць узвядзенне якой нібыта мусіць афіцыйнае Мехіка. Пры гэтым пачаць ваяваць з нелегаламі, якіх у амерыканскіх штатах налічваюць 11 мільёнаў і значную частку з якіх складаюць прыбылыя з-за паўднёвае мяжы, Трамп абяцае ў першы ж дзень свайго імавернага прэзідэнцтва.