Выбарчыя сенсацыі


Сёння ў нас будзе падборка выбарчых сенсацыяў. У адной палаце пайшлі на вясновае абвастрэнне сёлетняй прэзідэнцкай кампаніі ды ўжо вызначылі яе пераможцу – прадказальна ім стаў начальнік гэтай самай палаты. Маладзёвая палата пры Менскім гарадскім савеце дэпутатаў (цікава, чым яны ў сваёй палаце там яшчэ займаюцца?) апублікавала вынікі апытання, якое, як запэўніваюць сацыёлагі палаты, было зладжанае сярод актыўнай моладзі.

Як той казаў, запомніце гэты пост. Праз два з паловаю месяцы параўнаем. Ну, а пакуль што вось вам яшчэ адна сенсацыя: можа, не зусім маладыя, але прыхільнікі Лукашэнкі ў Беларусі сапраўды ёсць!

Жыхары Менску:

«Толькі Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка! Таму што я яго вельмі, вельмі, вельмі люблю і паважаю! І цаню! І даражу! Ён мне вельмі шмат у жыцці дапамог, папросту дапамог! Таму што ён нармальны чалавек!»

«Давайце будзем за Лукашэнку!»

«Ну, жыць неяк… Галоўнае, каб не было вайны! Каб гэта… гэта… гэта… Гм…»

«Магчыма, застанецца прэзідэнт дзейны. Мяне гэта таксама задавальняе, таму што, як вам сказаць, ёсць у нас нейкая стабільнасць. Хаця, канечне, перспектываў нейкіх мала, але зараз у многіх краінах складаныя праблемы з эканомікаю».

«Вы ведаеце, напэўна, Аляксандр Рыгорыч. Таму што прызвычаіліся мы да яго. Мы людзі вясковыя, я з вёскі прыехала. Таму хай будзе ён! Горш не будзе, я думаю!»

Штопраўда, наконт апошняга мы да канца не ўпэўненыя. Сёлета на выбары ідуць ажно два Аляксандры Рыгоравічы. Калгасны ўгар супраць беларускага металу! Як думаеце, за кім будзе выбар актыўнай моладзі?

Хаця, магчыма, насамрэч гара банальна нарадзіла мыш – і перамога начальніка палаты тлумачыцца банальнаю… памылкаю. Дастаткова паставіць у прапанаваным рэйтынгу Лукашэнкі коску, зменшыўшы яго ў дзесяць разоў, – і ён дзіўным чынам практычна супадзе з рэйтынгам, які Лукашэнка атрымаў у аналагічным апытанні парталу TUT.by. Супадзенне? Не думаем.

А вось сенсацыйная заява ад старшыні Цэнтральнай выбарчай камісіі Лідзіі Ярмошынай. На галоўны калькулятар краіны быў здзейснены не інакш як сапраўдны замах з дапамогаю ажно біялагічнай зброі!

«У групе быў чалавек, у яе станоўчы тэст на каронавірус. І ёй гэта вядома! Яна некалькі разоў прыязджала сюды. І пагатоў яна патрабавала асаблівыя варункі: каб у яе прымалі дакументы ў асобным кабінеце – хацела плюнуць у маю прыёмную, каб заразіць назаўсёды», – распавяла Ярмошына.

Гаворка, хутчэй за ўсё, пра адну з кандыдатак ад групы Мікалая Статкевіча – фельчарку хуткай дапамогі з Гомля Алену Давыдаву. Штопраўда, на момант візіту ў ЦВК інфармацыі пра станоўчы вынік тэсту на COVID-19 яшчэ не было. Атрымліваецца, Ярмошына банальна схлусіла. Але ж для каго гэта сенсацыя?

Затое, магчыма, не кожны ведае, у колькі нам з вамі абыдуцца чарговыя выбары Лука… ой, прэзідэнта. Сёлета ў бюджэце пад вось гэта вось усё запланаваныя ажно 36 мільёнаў 800 тысячаў рублёў. То бок амаль 15 мільёнаў долараў ЗША.

«Усе ж цудоўна разумеюць, хто будзе прэзідэнтам! Наагул не разумею, навошта ўсё гэта – марнаванне часу, грошай», – махае рукою мінак на адной з менскіх вуліцаў.

Дарэчы, прыклад, калі ўлады ўсё-ткі адмаўляюцца ад бессэнсоўных, незаконных і неабгрунтавана дарагіх ідэяў, у нашай краіне ёсць. І гэта апошняя на сёння сенсацыя. У Гомлі чыноўнікі нечакана адмовіліся ад будаўніцтва флагштока на цэнтральнай плошчы за паўтара мільёна рублёў. Замест яго цяпер плануюць паставіць клумбу. І тут, вядома ж, галоўнае, каб тая клумба не каштавала яшчэ даражэй за флагшток. А то гэтыя ж могуць…

Блогер daroha для «Суб’ектыву»