На думку мясцовых жыхароў, размяшчэнне заправачнай станцыі было аптымальнае.
«Тут госпіс, лякарня – гэта скрыжаванне ўсіх дарог. Напрамак на Менск, на Лагойск, на Вілейку, на Мядзель, на Маладзечна…», – распавядае колішні кліент бензастанцыі Браніслаў Паўлюкевіч.
Мясцовую інфраструктуру і сталых кліентаў бензастанцыі жыхары Ільі апісалі ў звароце ў адміністрацыю кіраўніка краіны: навакольныя калгасы, пажарныя, міліцыя, тэхнікум, дзясятак прыватных і дзяржаўных вытворчасцяў, крамы… Аднак не зважаючы на паўтары тысячы подпісаў заправачную станцыю знеслі на пачатку года.
«Не адзін ліст даслалі прэзідэнту. Адказалі, што (заправачная станцыя. – Заўв. «МП») нерэнтабельная», – распавяла нам жыхарка Ільі спадарыня Марыя.
Замест гэтай бензастанцыі «Белнафтахім» пабудаваў новую, вялікую – у вёсцы Сосенцы. Цяпер ільянцам давядзецца праязджаць амаль 30 км, каб проста заправіцца. Нават не маючы іншых справаў у тым кірунку. Разам з Аляксандрам Раткевічам мы праехалі да новае станцыі. Нават знайшлі пераведзеных сюды былых працаўніц ільянскай АЗС, але размаўляць з намі ім забаранілі.
«І зараз вось думаецца, што пажарнікам не давядзецца спаць. Працы ім дабавіцца. Давядзецца мне запраўляць зараз пра запас, а пра запас шмат не возьмеш! Дзякуй вам (канцэрну «Белнафтахім». – Заўв. «МП») за такую паслугу!» – кажа спадар Аляксандр, запраўляючы сваё аўта.
Мы пацікавіліся ў Марыны Вазняк, намесніцы старшыні Вілейскага райвыканкаму ў пытаннях эканомікі, ці збіраюцца чыноўнікі прыслухацца да праблемаў жыхароў.
«Гэты калектыўны зварот мы накіравалі ў «Белнафтахім». Яны нам даслалі адказ, што яна (бензастанцыя. – Заўв. «МП») замартызаваная. Пералічылі шмат нарматыўных дакументаў, якім бензастанцыя не адпавядае. Як варыянт, зварот у іншую кампанію – магчымы», – распавяла нам чыноўніца.
Бензастанцыі як элемент дабрабыту нідзе не прапісаныя. На думку Міраслава Кобасы з Фонду імя Льва Сапегі, развязаць сваю праблему ільянцы могуць, аспрэчыўшы адказ «Белнафтахіму» аб нерэнтабельнасці бензастанцыі.
«Калі ёсць сумневы ў тым, што гэта праўда, што сапраўды гэта было нерэнтабельна, то можна звярнуцца ў Камітэт дзяржаўнага кантролю. Хай бы там спраўдзілі», – раіць юрыст.
На сустрэчу з нашай здымачнай групай збіраліся дзясяткі чалавек. Але ў апошні момант адмовіліся: пачаўся ціск на працы. На развітанне Аляксандр Раткевіч прыгадаў пра выбары кіраўніка краіны, прызначаныя на гэты год:
«Я думаю, што нядрэнны «Белнафтахім» падарунак зрабіў напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў. Вось як зараз ільянцы і ўсё наваколле падумаюць пра гэтыя выбары? Хадзіць на іх або не хадзіць на гэтыя выбары? Калі абароны нідзе няма!»
Праваабарончую праграму «Маю права» глядзіце кожную сераду а 19:05 на тэлеканале «Белсат» праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн або ў закладцы «Праграмы» на нашай старонцы.