Кацярына Пытлевая – знаная беларуская журналістка, музыка, тэле- і радыёвядоўца. Апошнім часам найчасцей яе можна сустрэць на розных дабрачынных акцыях, а таксама яна выступае валанцёркаю ў сацыяльных праектах. Амаль увесь свой вольны час Каця нешта арганізоўвае, за штосьці агітуе. Часта ездзіць у дзіцячыя дамы, ладзіць валанцёрскія канцэрты і дапамагае людзям усімі магчымымі спосабамі. Бывае нават, што дзяўчына аддае амаль усе свае заробленыя грошы, каб толькі правесці нейкую акцыю, напрыклад, звязаную з прафілактыкаю раку.
Жыхар гораду Жабінка Юрый Бялецкі штодня трэнуе ў футбол дзяцей са складанымі жыццёвымі абставінамі, з няпоўных сем’яў, навучэнцаў інтэрнатаў і проста здольных маладзёнаў. Каманда пакуль аматарская, умовы для гульні ў футбол – такога ж узроўню. Але Юрый не перастае верыць у тое, што аднойчы мясцовыя ўлады і неабыякавая супольнасць знойдуць сродкі дапамагчы гэтым дзецям ды на развіццё іхнага спартовага патэнцыялу.
«Хронікі Нарніі» – бальшыня з нас пэўна сутыкнулася з гэтаю кнігаю ды фільмамі на яе аснове. Пакуль можна было чытаць яе ў арыгінале або па-расейску. Цяпер, дзякуючы намаганням Андрэя Кіма, які зарганізаваў збор грошай і публікацыю, мы дачакаліся беларускага перакладу «Хронікі Нарніі: Пляменнік Чараўніка». Мара Андрэя ды ягоных сяброў ня здзейснілася б, калі б не існаванне народнага фінансавання, гэтак званага краўдфандынґу, праз які самое грамадства збірае грошы на ажыццяўленне важных праектаў.
Рамеснік Сяргей Бандарэнка пастанавіў захаваць памяць пра Крэўскі замак і пачаў будаваць у сваім двары яго копію ў маштабе 1 да 10-ці. Ад былое велічы аднаго з самых старадаўніх беларускіх замкаў з кожным годам застаецца ўсё меней. Самыя ўлады нічога ня робяць: ні рэстаўрацыі, ні кансервацыі. Дадаткова абмяжоўваюць валанцёраў, бо для правядзення любых працаў на руінах патрэбная праектава-каштарысавая дакументацыя ды навуковы дагляд.