Гарачы каментар Вячаслаў Сіўчык пра супрацу з Юрыем Хадыкам: Мы марылі пра іншую Беларусь


https://www.youtube.com/watch?v=aRTOr-6VAbA

Сёння ў Менску развіталіся з прафесарам, палітыкам, выбітным дзеячам беларускага адраджэння Юрыем Хадыкам на 40-вы дзень пасля ягонай смерці. Прах навукоўца пахавалі на Чыжоўскіх могілках у Менску побач з жонкаю.

Навуковец і актыўны дзеяч апазіцыі памёр на 79-ым годзе жыцця ў Злучаных Штатах, дзе апошнімі гадамі жыў у свайго сына.

Юрый Хадыка нарадзіўся ў Менску ў 1938 годзе. Зрабіў кар’еру ў галіне фізікі, напісаўшы больш за сотню навуковых працаў. Не менш цікавіўся і гісторыяй беларускага мастацтва.

У 1980-ых далучыўся да руху беларускага Адраджэння. Амаль 20 гадоў быў адным з лідараў партыі БНФ.

Паплечнік Юрася Хадыкі, актывіст апазіцыі Вячаслаў Сіўчык адзначыў, што смерць выбітнага дзеяча – гэта вялікая страта для Беларусі.

«Юрый Віктаравіч быў адным з лідараў ужо навейшай хвалі беларускага Адраджэння. Яго асабістая роля вельмі вялікая ў тых гістарычных працэсах, якія прывялі да таго, што беларуская дзяржава сёння ёсць. Натуральна, абсалютна не ягоная віна ў тым, што склаўся цяперашні рэжым. Бо мы марылі ўсё ж пра іншую Беларусь, пра краіну, дзе ўлада б рэальна належала беларускаму народу і дзе б адстойваліся нацыянальныя інтарэсы. Сёння развітацца з Юрыем Віктаравічам прыйшлі былыя дэпутаты Вярхоўнага Савету ад БНФ, шмат якія актывісты. І сапраўды, сёння сумны настрой, асабліва калі ўлічваць, што, мусіць, ужо большасці тых людзей, якія стваралі Беларускі Народны Фронт, уваходзілі ў першы сойм БНФ, няма з намі», – заўважыў спадар Сіўчык.

Больш – у відэаматэрыяле.

МЯ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары