«Вы хочаце, каб мяне выспяткам пад зад з працы?» Начальства штурхае людзей на злачынствы, а яны не могуць адмовіць


Год таму жыхарка Слуцку Людміла Грышкавец пахавала мужа.

«Мой муж быў ліквідатарам наступстваў на Чарнобыльскай АЭС. Адбыў там тры вахты, у самым пекле», – распавядае Людміла.

Ужо праз два гады пасля тэхнагеннае катастрофы ў Аляксандра Грышкаўца пачаліся праблемы са здароўем.

«Усё гэта справакавала захворванне нырак, што далей выклікала рак нырак, – распавяла нам удава. – Пазней нам давялося ехаць рабіць аперацыю, выдаляць ныркі, пасля была запланаваная аперацыя для ўсталявання кардыёстымулятара. Усё ж такі мы 30 гадоў змагаліся за ягонае здароўе, мы так і не змаглі яму дапамагчы».

Малодшы сын спадарыні Людмілы – інвалід другой групы. Каб у хлопца былі грошы на існаванне, калі ён застанецца адзін, жанчына пасля смерці мужа пачала афармляць пенсію з прычыны страты хлебадаўца.

«Я звярнулася ў абласны экспертны савет з просьбаю разгледзець дакументы і звязаць захворванне, што спрычынілася да смерці майго мужа, з наступствамі ліквідатарскіх працаў на Чарнобыльскай АЭС. Калі я атрымала адказ, была ўражаная, таму што ў адказе быў зусім іншы эпікрыз», – кажа Людміла.

Цяпер Людміла Грышкавец увесь вольны час выдаткоўвае на ліставанне з чыноўнікамі.

За 30 гадоў Аляксандра Грышкаўца назірала шмат спецыялістаў. Дактары наўпрост звязвалі ягоную хваробу з ліквідацыяй наступстваў катастрофы на ЧАЭС.

«Тады яны не прафесіяналы, калі працягваюць пісаць мне ў адказах хранічны піеланефрыт», – лічыць жанчына.

Ці сапраўды да смерці спадара Аляксандра прывяла звычайная інфекцыя, Людміла Грышкавец пацікавілася ў патолагаанатама Слуцкага шпіталю Вячаслава Персідскага. Нашая гераіня папярэдзіла лекара, што запісвае размову на дыктафон. І вось што ён ёй адказаў.

«Я найніжэйшае звяно. Нада мною – загадчык, пасля – кіраўніцтва. Вы разумееце! Ці вы хочаце, каб мяне выспяткам пад дупу з працы?.. Канечне, сказалі перадрукаваць і даведку перапісаць. Я ж выконваю загад», – патлумачыў патолагаанатам.

Каб разабрацца ў праблеме, была нават створаная камісія пад кіраўніцтвам лекара найвышэйшае катэгорыі Міхаіла Сцяпанава – безвынікова.

«В патолагаанатамічным эпікрызе празектарскага савету пазначаны рак другой ступені, – дэманструе нам дакументы спадарыня Людміла. – Анкалогія імя Аляксандрава выстаўляе рак першай і трэцяй ступені, Слуцк выстаўляе, спасылаючыся на анкалогію імя Аляксандрава – першую ступень. Дык скажыце, якая ступень раку была ў майго мужа? Я дагэтуль не магу зразумець!»

Юрыстка і сустаршыня БХД Вольга Кавалькова лічыць, што такім чынам дзяржава ашчаджае грошы ў пенсійным фондзе.

«Калі раней, напрыклад, у выніку звязвання прычынаў смерці з аварыяй на ЧАЭС прызначалі тры з пяці пенсіяў, то цяпер – адну з пяці. Можна з гэтымі дакументамі звярнуцца ў следчыя органы і паспрабаваць завесці крымінальную справу на тых людзей, якія фальсіфікуюць дакументы. Гэта таксама адзін з крокаў, калі ўжо ўсё пройдзена, але ёсць доказы, што сапраўды медыкі фальсіфікуюць», – раіць юрыстка.

Аляксандру Грышкаўцу ўручылі медаль за ўдзел у ліквідацыі наступстваў чарнобыльскае катастрофы. З гэтым медалём сёлета ў студзені спадарыня Людміла прыйшла на прыём да памочніка кіраўніка краіны Ігара Яўсеева.

«Але вы ведаеце, гэткае стаўленне ў чыноўнікаў… Атрымала яе назад, напэўна, па просьбе Яўсеева. Атрымала папросту ў капэрце, нават без тлумачэнняў. Прашу вярнуць медаль прэзідэнту! Мы лічым, нашая сям’я лічыць, што на фоне сённяшняга стаўлення да цяжкага лёсу майго мужа і да ягонай хваробы… Нам яна не патрэбная!», – абураецца Людміла Грышкавец.

Таксама ў праграме «Маю права»:

  • Жыхары сталічнага двара паўсталі супраць ушчыльнення
  • У Жодзіне людзі выпадкова даведаліся пра забудову
  • Беларусы – пра непаслухмяных чыноўнікаў
  • Дзіўныя пераўтварэнні магілёўскага дому

Глядзіце праграму «Маю права» цалкам:

Праваабарончую праграму «Маю права» глядзіце кожную сераду а 19:05 на тэлеканале «Белсат» праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн або ў закладцы «Праграмы» на нашай старонцы.