Свет Вугорцы хочуць пабудаваць нацыю 21-га стагоддзя. Насуперак Орбану


У Будапешце тысячы вугорцаў сустрэлі ноч на вуліцы. У 13-ю гадавіну ўваходу Вугоршчыны ў Еўразвяз апазіцыя пратэстуе супраць дзеянняў ураду Віктара Орбана.

Па цэнтральных вуліцах Будапешту – ад плошчы Свабоды да плошчы Герояў – маршам прайшлі каля 10 тысячаў чалавек. Агульны лозунг – «Мы належым да Еўропы». Паводле пратэстоўцаў, сённяшні вугорскі ўрад будуе нейкае падабенства пуцінскай Расеі, з дзяржаўнай прапагандай, карупцыяй, ціскам на недзяржаўныя арганізацыі і з эканамічным і палітычным збліжэннем з Масквой.

«Мы не сквапныя людзі, як пра нас кажа ўрад. Мы хацелі б застацца еўрапейскімі грамадзянамі, а не нацыяй паслугачоў Расеі», – кажа журналістам удзельніка пратэсту, студэнт Даніэль Кіс.

Марш пратэсту і мітынг, які зацягнуўся да позняга вечару, арганізавала партыя Momemtum Mozgalom, якая абʼядноўвае пераважна моладзь еўрапейскай скіраванасці.

«Нашая мэта – пабудова сучаснай нацыі з прадпрымальніцтвам і салідарнасцю, у Еўропе 21-га стагоддзя», – заяўляе лідар руху «Момэнтум» Андрэс Фэкэтэ-Дзёр.

Ён ужо абвесціў удзел партыі ў парламенцкіх выбарах у наступным красавіку. Выбарчую праграму «Момэнтум» агучыць у кастрычніку, але партыя ўжо набыла вядомасць, разграміўшы планы Віктара Орбана правесці праз 7 гадоў у Будапешце Алімпійскія гульні. «Момэнтум» сабраў падвойную колькасць неабходных подпісаў, каб правесці мясцовы рэферэндум аб Алімпійскіх гульнях у сталіцы. Тады ўрад саступіў і адклікаў заяўку.

Адно з галоўных патрабаванняў пратэстоўцаў да ўраду Віктара Орбана – не зачыняць Цэнтральна-Еўрапейскі універсітэт, заснаваны на грошы амерыканскага мільярдэра вугорскага паходжання Джорджа Сораса. Орбан называе Сораса ворагам Вугоршчыны, які нібыта хоча напоўніць Еўропу імігрантамі. Заканадаўчае зачыненне Цэнтральна-Еўрапейскага ўніверсітэту раскрытыкавала і кіраўніцтва краінаў Еўразвязу. У суботу Орбан паабяцаў еўрапейскім лідарам выканаць патрабаванні Брусэлю і не пераследваць акадэмічныя свабоды.

Яраслаў Сцешык; фота вокладкі – Bernadett Szabo/REUTERS



Глядзі таксама
Каментары