Якія беларускія прадукты карыстаюцца попытам у Ерэване, а якія – не, у праграме «Беларускі свет» распавядае працаўніца Армянска-беларускага гандлёвага дому Жанна Нікітчук, былая жыхарка Магілёву.
«Зефір – тэрміны падыходзяць ужо – каштаваў долар, цяпер каля 60 цэнтаў», – паказвае гераіня сюжэту.
Са скідкай прадаюць таксама згушчонку і сланечнікавы алей.
«Лядоўні – напалову пустыя, – працягвае яна экскурсію па гандлёвым доме. – Зусім нядаўна атрымалі каўбаску ды салка. То бок армяне любяць нашае беларускае сала».
Паводле Жанны Нікітчук, армяне з задавальненнем набываюць і тэхніку.
«Сёлета вось – трактары. Як ніколі, фермеры армянскія аддаюць перавагу беларускай тэхніцы», – дадае яна.
«Я патэльню чыгунную нідзе не мог знайсці. Мне падказалі, што тут ёсць, – дзеліцца наведнік гандлёвага дому. – А вось гэты сок бярозавы – проста з савецкіх часоў памяць. Убачыў – захацеў пакаштаваць».
Жанна Нікітчук жыве ў Арменіі ўжо 30 год, апошнія восем працуе ў Армянска-беларускім гандлёвым доме «АрБе». Таксама яна намесніца старшыні беларускай суполкі ў Арменіі. «Беларусаў тут няшмат, – распавядае яна. – Афіцыйна зарэгістраваных – каля 200 чалавек».
Беларускай суполцы споўнілася 20 год. Пры ёй дзейнічаюць нядзельная школа, лялечны тэатр, творчая група «Родныя карані». Выдае ўласную газету.
Праграма «Беларускі свет» выходзіць на «Белсаце» па аўторках а 19:05. Глядзіце праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн і ў архіве на нашай старонцы.