Лукашэнку могуць аштрафаваць. NEXTA на Белсаце


Цемра – сябар моладзі?

Ад навукі спрытнеюць рукі! А вось зрок можа папсавацца. Тры з паловаю месяцы ў аграгарадку Падлабенне Гарадзенскага раёну дзеці вывучалі тэорыю музыкі… пад святло тэлефонных ліхтарыкаў!

«Я лічу, што няма такога народу, як беларускі, які можа ў музычным мастацтве быць на такім узроўні. Няма яго», – казаў калісьці Лукашэнка.

І сапраўды, аналагічных выпадкаў у цывілізаваным свеце мы не знайшлі. Больш за тое, толькі ў Беларусі маглі звольніць настаўніцу, якая праліла святло на ўмовы, у якіх навучаюцца дзеці. Замест таго, каб развязаць праблему, чыноўнікі выклікалі жанчыну на «гутарку», вынікам якой сталася звальненне «на ўласнае жаданне». Вінаватымі ж у сітуацыі ўлады назвалі спачатку ЖКГ, потым арандатара, а потым і педагогаў! Маўляў, тыя самі павінныя былі змяніць памяшканне.

А вось завуча, якая прыніжала, абражала, шантажавала і запалохвала вучняў за тое, што яны ня хочуць уступаць у БРСМ, нават ня звольнілі. А таму выйсці з БРСМу таксама ня ўдасца. Вось рэакцыя дэкана аднаго з менскіх універсітэтаў на жаданне студэнткі пакінуць арганізацыю: «Які курс? 4-ты? Не ганьбі мяне. Закончыш спакойна і потым».

Без суда і следства

А вось у новым будынку Вярхоўнага Суда Беларусі ўпоцемку сядзець не атрымаецца. Адная толькі жырандоля каштавала бюджэту амаль сто тысяч долараў. Фантан з падсветкаю на ўваходзе – трыста тысячаў, а «мастацкія вырабы» – восемсот трыццаць тысяч долараў!

Вольга Чайчыц, журналістка «Белсату»: «Герб і надпіс абышліся дзяржаве ў 112 тысяч долараў. Калі ўлічым, што палова сумы – герб, то кожная асобная літарка каштуе прыкладна дзве тысячы долараў».

Калі вымяраць кошт новага будынку Вярхоўнага Суда ня ў доларах, а ў гомельскіх прыбіральнях, то атрымаецца ня так і дорага – усяго каля 30-ці штук. Але ж ці дапамогуць віп-санвузлы, дарагія мармуровыя пліты і барэльеф з Фэмідаю паўплываць на якасць беларускай судовай сістэмы, у дакументах на тэндар не паведамлялі.

Жыхары Менску:

«Тут жа сур’ёзная судовая арганізацыя. Навошта тут фантан?».

«Добра зрабілі, калі б для людзей гэта ўсё будавалі, то нармальна, а так..».

«Крута, канечне, для нашай краіны».

Дарэчы, здаць круты будынак своечасова – то бок да 7-га лістапада – не паспелі. Вяршыць правасуддзе тут пачнуць не раней як у жніўні наступнага года.

Па-КДБагатаму

Па-багатаму жывуць і тыя, каго суд пакуль што можа толькі чакаць. Былы старшыня КДБ Сцяпан Сухарэнка, які калісьці палохаў беларусаў дохлымі пацукамі, здае элітны катэдж у Драздах за тры з паловаю тысячы долараў на месяц. Дарэчы, надзел пад будоўлю спецслужбіст атрымаў у падарунак. І было за што! Гэта падчас ягонай працы выявілі небяспечнага злачынцу, які хацеў атруціць водаправоды Менску… дохлым пацуком.

Дарэчы, каб зарабіць на сярэдні дом у Драздах, звычайнаму беларусу давядзецца бесперапынна працаваць не менш за 100 гадоў. Калі ён, вядома, не ўваходзіць у лік тых, хто ня можа дазволіць сабе мінімальнага набору тавараў і паслуг, бо колькасць гэтай групы людзей бесперапынна расце. Летась такім быў кожны трэці жыхар нашай краіны.

ІТ-краіна марыць пра мора

ІТ-краіна вырашыла стаць марскою дзяржаваю. Беларускі шлях да мора УВАГА! пачнецца ў вёсцы з насельніцтвам 60 чалавек. У Ніжніх Жарах плануецца будаўніцтва порту, праз які нафтапрадукты Мазырскага НПЗ і лес няспыннаю плынню пацякуць у Чорнае мора. Мясцовыя рыбакі пакуль у шоку і ня вераць, што гэта магчыма.

Дапамагаць беларусам у гэтым амбітным праекце будуць украінскія і турэцкія кампаніі. Выхад да мора будзе каштаваць не так і шмат – $ 50 млн. 42 з іх пойдуць на два караблі «Дняпро-Макс» і тры буксавальныя баржы. Турэцкія інвестары ўжо пабывалі ў Ніжніх Жарах і настаўленыя сур’ёзна.

Інвестыцыйны праект – на разглядзе ў Міністэрстве транспарту, а Гомельскі аблвыканкам нават зарэгістраваў ААТ «Белпорт Ніжнія ЖАры». На жаль, некаторым мясцовым жыхарам давядзецца пакласці на алтар марскога статусу Беларусі свае гароды, на месцы якіх плануюць пабудаваць міжнародны порт. Калі ж завершыцца будаўніцтва, пакуль невядома.

Вакханалія пачалася. Крэдытаў будзе больш

Мы не перастанем браць крэдыты, каб сплаціць крэдыты, каб узяць новыя крэдыты. У 2019-м беларусы маюць аддаць даўгоў на 3 мільярды шэсцьсот мільёнаў долараў. Грошай традыцыйна не хапае. І даводзіцца клянчыць чарговыя крэдыты. Пакуль атрымліваецца. У наступным годзе Расея паабяцала даць Беларусі 1 млрд долараў на гэтак званае «рэфінансаванне запазычанасці», або, прасцей кажучы, новы крэдыт, каб сплаціць частку старога. Тое самае было і летась. У 2017-м беларускі ўрад з горам папалам выпрасіў у расейцаў 700 млн долараў. Улічваючы памер замежнага доўгу Беларусі (амаль $ 16,5 млрд) – няма гэтаму канца і краю.

МУС пакарала маладзёна, які даў аплявуху помніку

Ад фінансавага шапіто пераходзім да міліцэйскага. Аказваецца, што ў Беларусі дзяцей біць можна, а помнікі – НЕ! Прэс-служба МУС пахвалілася на сваім youtube-канале вынікам гераічнай працы сталічнага міліцыянта Генадзя Кашалюка. Ён злавіў падлетка, які даў аплявуху ПОМНІКУ царскага паліцыянта. На маладзёна склалі пратакол і змусілі папрасіць у помніка прабачэння! Гэтыя шчырыя словы адкрылі сапраўдны партал пакаянняў парад помнікамі ў сацыяльных сетках.