Узяла ў рукі бел-чырвона-белы сцяг – і страціла працу


Як беларускія спартоўцы, што выступілі супраць гвалту ў краіне, з нуля пачынаюць новае жыццё за мяжою, даведаемся ў праграме «Беларускі свет»:

За фотаздымак з бел-чырвона-белым сцягам трыятланістку Валянціну Зелянкевіч звольнілі з працы. Беларускія атлеты, калі выказваюць сваю грамадзянскую пазіцыю, рызыкуюць страціць кар’еру. Так здарылася і з трыятланісткай. Яна – двойчы майстар спорту і ўдзельніца нацыянальнай зборнай па трыятлоне – цяпер вымушаная пачынаць новае жыццё ў Маскве.

«Шмат хто пытаўся: чаму Масква? Не той горад ты абрала, тут усё тое ж самае. Чаму не Польшча, не Літва? Насамрэч, калі б мяне нехта паклікаў у Польшчу ці Літву і зрабіў бы мне візу, то, магчыма, я б там была. Адпаведна, калі ніхто не дапамог, не паклікаў, я зрабіла тое, што магла. Я тут зразумела, наколькі важна праяўляць самастойнасць. Патрэбная камунікабельнасць, рашучасць і смеласць. Менавіта ў гэтым горадзе, як я зразумела, ніхто не будзе верыць тваім слязам», – дзеліцца спартоўка.

Валянціна кажа, што рашэнне аб пераездзе ў Маскву было самым спантанным у ейным жыцці. У яе было літаральна дзве гадзіны, каб спакаваць рэчы і развітацца з блізкімі.

Самая вядомая беларуская плыўчыха, трохразовая алімпійская медалістка Аляксандра Герасіменя пасля выбараў з’ехала ў Літву і ўзначаліла Фонд спартовай салідарнасці. Мы задалі пытанне: калі б Аляксандра не скончыла кар’еры, то пагадзілася б рэпрэзентаваць Беларусь на Алімпійскіх гульнях?

«Незалежна ад таго, была б я дзейная цяпер спартоўка ці, як цяпер ужо, калі скончыла, я б не змяніла б сваёй пазіцыі. Я б стаяла да канца і адстойвала б правы кожнага спартоўца. Пазбавіцца Алімпійскіх гульняў я б не хацела. Ёсць магчымасць выступаць пад нейтральных сцягам, Міжнароднага алімпійскага камітэту. І я нават прыняла б гэта за гонар у выпадку, калі б рэжым застаўся», – тлумачыць шматразовая алімпійская чэмпіёнка.

Таксама ў праграме «Беларускі свет»:

Сям’я са Злучаных Штатаў запісала кліп на гімн «Магутны Божа»

Праграма «Беларускі свет» выходзіць на «Белсаце» па аўторках а 19:05. Глядзіце праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн і ў архіве на нашай старонцы.

Belsat.eu