Уявім: Каліноўскі перамог. Што гэта дало б беларусам?


Як развіваліся б падзеі, калі б паўстанне 1863–64 гадоў не скончылася паразаю? Адказу на гэтае пытанне шукалі ўдзельнікі гістарычнага ток-шоу «Intermarium» на «Белсаце».

Паўстанне пачалося 22 студзеня 1863 года ў тагачаснай Польшчы. Яно хутка перакінулася на тэрыторыі сучасных Беларусі і Літвы. Чарговы ўздым нацыянальна-вызваленчай барацьбы ставіў за мэту аднаўленне Рэчы Паспалітай у межах 1772 году. Рознагалоссі паміж удзельнікамі, адсутнасць адзінага плана баявых дзеянняў, недахоп сілаў і зброі ды вялікая перавага Расеі прывялі да паражэння паўстання.

А што было б, калі б паўстанцы перамаглі? Паводле доктара гістарычных навук, прафесара Беластоцкага ўніверсітэту Алега Латышонка, хутчэй за ўсё, дайшло б да падзелу беларускіх земляў:

«Магілёўшчына і Віцебшчына засталіся б у Расеі, на рэшце тэрыторыі стараліся б пераможцы стварыць Польшчу. А ахвярай быў бы Кастусь Каліноўскі».

«Правілы гульні, канешне, дыктавала б Польшча, – згаджаецца доктар гісторыі з Інстытут гісторыі Літвы Тамара Байрашаўскайтэ. – Але прыйшоў бы час, і паўсталі б асобныя дзяржавы. Прыкладна ў такім жа складзе, як сёння. Магчыма, крыху ў іншай канфігурацыі».

Гісторык Васіль Герасімчык з Горадні, які даследуе жыццё і дзейнасць Кастуся Каліноўскага, мяркуе, што на тэрыторыі не толькі Рэчы Паспалітай, але і Расейскай імперыі з’явіліся б дэмакратычныя дзяржавы.

«Але для гэтага прыйшлося б прайсці шляхам кшталту французскай рэвалюцыі. То бок, Каліноўскі і яго паплечнікі кіравалі б, прыкладна як якабінцы», – дадаў ён.

Так ці інакш, застаецца яшчэ вельмі шмат пытанняў. Якія мэты ўсё ж ставіліся беларускімі паўстанцамі? Кім быў Каліноўскі як палітык і лідар? І ці лічыў ён сябе беларусам?

Пра гэта дыскутуем у ток-шоу «Intermarium» (відэа вышэй). Сваё меркаванне выказвае таксама Аліцыя Кулецка, доктар навук з Інстытуту гісторыі Варшаўскага ўніверсітэту.

Глядзець іншыя выданні ток-шоу «Intermarium»

ІА, belsat.eu