Свет Уся ўлада – Эрдагану? У нядзелю ў Турцыі канстытуцыйны рэферэндум


Турцыя стаіць на парозе гістарычнага рашэння. Рэферэндум, які пройдзе ў нядзелю, вызначыць лёс краіны да 2029 года. У выпадку поспеху рэферэндуму цяперашні прэзідэнт краіны Рэджэп Эрдаган атрымае магчымасць пераабірацца яшчэ два разы і кіраваць яшчэ 12 гадоў. Разрыў паміж прыхільнікамі і праціўнікамі такой ідэі мінімальны.

У Турцыі ў бліжэйшую нядзелю адбудзецца канстытуцыйны рэферэндум. Гэтым разам туркам прапаноўваюць прагаласаваць за папраўкі ў канстытуцыю, якія значна пашыраць паўнамоцтвы прэзідэнта. Калі ўсё пойдзе па плане Рэджэпа Эрдагана, ён зможа займаць прэзідэнцкі фатэль да 2029-га года. Пры гэтым ён будзе адначасова прэзідэнтам і прэмʼер-міністрам Турцыі. Пасаду прэмʼера скасуюць у 2019-ым.

«Вы мусіце зразумець, што Турцыя – дэмакратычная краіна. Турэцкая дэмакратыя адужэе пасля 16-га красавіка. Вы гатовыя да гэтага? Вынік рэферэндуму станецца выбарам народу. Мы мусім паважаць і тых, хто кажа «так», і тых, хто кажа «не», – заявіў Эрдаган.

Да 19-га красавіка ў Турцыі дзеіць рэжым надзвычайнага становішча, уведзены летась у ліпені пасля няўдалай спробы перавароту. У краіне забараняюцца няўзгодненыя мітынгі, што значна абмяжоўвае магчымасці апазіцыі, якая заклікае сказаць «не» дыктатуры Эрдагана.

«Нам перашкаджаюць раздаваць улёткі. Нашых актывістаў – моладзь і жанчын – затрымалі. Нашы банеры ды плакаты зрываюцца і раздзіраюцца на кавалкі», – распавёў дэпутат парламенту Мурат Эмір.

Глядзіце таксама:

Галасы прыхільнікаў і праціўнікаў пераходу да прэзідэнцкай рэспублікі, паводле некаторых звестак, дзеляцца прыблізна напалову. Сам Эрдаган тым часам працягвае збіраць шматтысячныя мітынгі на падтрыманне запрапанаванай ім рэформы канстытуцыі.

«Ён найлепшы лідар у свеце. Нашая краіна дасягнула такога ўзроўню дабрабыту за апошнія 15 гадоў дзякуючы нашаму прэзідэнту і нашаму народу. Турцыя не знойдзе іншага такога прэзідэнта, як ён. Ён ідэальны», – такое меркаванне выказаў работнік Мэгмэт.

Акрамя галасоў сваіх прыхільнікаў у Турцыі, Эрдаган разлічвае на тое, што за пашырэнне ягонай улады прагаласуюць туркі, якія жывуць за мяжою. Звыш мільёна аддадзеных імі галасоў ужо прыбылі на радзіму. Аднак сярод турэцкай дыяспары агітацыю вялі таксама апаненты Эрдагана – напрыклад, журналісты, вымушаныя праз палітычны пераслед эміграваць з Турцыі.

Вось што распавёў Джэлал Башлангыч, галоўны рэдактара «ARTI TV»:

«Незалежна ад таго, які будзе вынік рэферэндуму, Турцыя ўступіла ў доўгі цёмны перыяд. Калі вынікам стане «так», ён будзе трываць даўжэй, будзе больш цяжкі і, магчыма, больш крывавы. Калі вынікам стане «не», то гэта будзе невялікая іскра надзеі на вызваленне ад кіроўнай партыі ды Эрдагана».

Уважліва назіраюць за рэферэндумам ды кампаніяй турэцкага прэзідэнта і расейскія эксперты. На іхную думку, цалкам імаверна, што расейцам давядзецца ўзяць удзел у чымсьці такім бліжэйшымі гадамі.

«Прыклад Турцыі паказвае, наколькі прыцягальнымі выглядаюць арыенціры геапалітычнай велічы ў нядаўніх імперыях і наколькі гатовыя адпаведныя грамадствы аднавіць аўтарытарныя рэжымы. Эканамічны спад выступае непазбежнаю будучыняю для любой краіны, чый лідар нечакана пастанаўляе «разгарнуць» асноўны трэнд яе развіцця ды «прагнуць пад сябе» як яе грамадзянаў, гэтак і навакольны свет», – адзначыў расейскі эканаміст Уладзіслаў Іназемцаў.

Праціўнікі рэферэндуму мяркуюць, што Эрдаган у выпадку прыняцця паправак ператворыць Турцыю ў дыктатару і падоўжыць надзвычайнае становішча, прыхільнікі ж мяркуюць, што папраўкі стабілізуюць Турцыю. Сам Эрдаган абяцае туркам хуткае ўступленне ў Еўрапейскі Звяз і гатовы кіраваць краінаю да 2029-га года.

Глядзі таксама
Каментары