Уладзімір Няпомняшчых: Калі выйдзе шмат людзей, крыві не будзе


Мікола Статкевіч – самы зацяты і пазнавальны лідар пратэсту. Ад пачатку гэтай выбарчай кампаніі Статкевіч трымаўся паслядоўнае пазіцыі – толькі байкот і масавы мірны пратэст. Але ці быў за гэтымі заклікамі рэальны план? Дапытаем на дэтэктары хлусні Уладзіміра Няпомняшчых, кандыдата, вылучанага ад каманды Статкевіча, у праграме «Шчыра кажучы».

Уладзімір Няпомняшчых у студыі праграмы «Шчыра кажучы»

Былы маёр міліцыі Уладзімір Няпомняшчых – адзіны кандыдат пратэсту Статкевіча, чыю ініцыятыўную групу ў зборы подпісаў зарэгістравалі. Гомельскі сябар «Руху за Свабоду» і «Грамадзянскай Аб’яднанай Партыі» далучыўся да каманды Мікалая Статкевіча, бо лічыць ягоную стратэгію байкоту на гэтых выбарах слушнаю.

Падчас збору подпісаў актывіст запрашаў людзей ісці на ўчасткі не галасаваць, а назіраць, бо лічыць, што «гэта не выбары, а гульня шарлатана з народам у напарсткі».

Госць праграмы перакананы, што незадаволеныя беларусы здольныя сабрацца ў крытычную масу пратэсту, і калі людзі не будуць разыходзіцца, сілавікі стануць на бок народу.

«Працаўнікі (сілавых ведамстваў – заўв. «Белсат») ужо адмаўляюцца выконваць загады. Шмат хто, як мне вядома, звальняецца, хаця Лукашэнка кажа, што гэта фэйк», – дзеліцца ў студыі праграмы Уладзімір Няпомняшчых і дадае, што гатовы ўзначаліць масавы пратэст.

Аднак дэтэктар хлусні выявіў у адказе пэўныя сумневы героя.

«Я гатовы клікаць людзей на плошчу, гатовы быць з імі, але я не гатовы брацца за зброю і страляць у кагосьці», – тлумачыць Уладзімір Няпомняшчых.

На пытанні пра тое, ці верыць ён у поспех мірнага пратэсту супраць дзейнага рэжыму і ці з’яўляецца самастойным палітыкам, Уладзімір Няпомняшчых адказаў станоўча, але паліграф і тут не пацвердзіў ягоных словаў.

Верыфікатар Сяргей Малікаў тлумачыць, што міліцыянераў з прафесійным досведам даволі цяжка праверыць на паліграфе, бо маркеры хлусні будуць заніжанымі.

«Гэта звязана з тым, што з цягам часу, калі яны працуюць у гэтай сферы, хлусня для іх становіцца як норма. Міліцыя, на жаль, вымушаныя карыстацца такімі методыкамі, каб знайсці праўду», – кажа адмыслоўца.

Таксама ў выданні:

  • Ці даводзілася былому маёру міліцыі катаваць людзей і браць хабар?
  • Што мае актывіст у сваім заплечніку, калі ідзе на акцыі пратэсту?
  • Да чаго Няпомняшчых закліча народ на мірнай вулічнай акцыі?

Глядзіце іншыя праграмы з цыклу «Шчыра кажучы».

belsat.eu