Улады саступілі. NEXTA на Белсаце


Для ўсіх Новы год распачаўся па-рознаму! Нехта яго сустрэў каля ялінкі, а нехта – дому каля блакітнага экрану, дзе з Новым годам віншавалі ўсё тыя ж старыя твары са старымі прамовамі:

«Галоўнае, мы захавалі мірнае неба для беларусаў, – звярнуўся ў навагодняе прамове Аляксандр Лукашэнка. – З Новым годам, дарагія сябры!»

Але не толькі Лукашэнку давялося папацець пры запісванні віншавання. Зрабілі гэта і іншыя чыноўнікі – кіраўнікі розных рэгіёнаў (наўрад ці з уласнага жадання).

«Усе мы верым, што навагодняя ноч і ўвесь наступны год падораць нам удачу і крыху цуду, а ён часам здараецца. І тут мы ў першую чаргу разлічваем на сябе, на тых, хто побач з намі, на тое, што можам здзейсніць самі ў вучобе, працы і творчасці», – заявіў старшыня Рэчыцкага райвыканкаму Віталій Панчанка.

За здзяйсненні ў вучобе і працы рублём у нас асабліва не адзначаюць, таму і застаецца праяўляць творчасць: і самому парадавацца можна, і людзей пацешыць. Гэтак жыхар Рагачова зляпіў у двары 50 снежных баб і сімвал гэтага года – свінюшку.

Жыхар жа Драгічыну, каб у навагоднюю ноч не было непаразуменняў з міліцыяй, на ўсялякі выпадак падаў заяўку ў райвыканкам, каб яму ў ягонай кватэры дазволілі сустрэць Новы год. Грамадзянін, што праўда, збіраўся не толькі піць шампанскае, але, як напісаў у заяўцы, збіраўся: «аналізаваць узровень палітычнай стабільнасці ў краіне, абмяркоўваць прычыны падзення ўзроўню даходаў насельніцтва».

Але яму не толькі не далі дазволу сустрэць Новы год, а нават у разглядзе заявы адмовілі.

А таму падалей ад адміністрацыяў і міліцыяў вырашылі пратэставаць беларускія апазіцыянеры. Натхнёная супрацівам французскіх «жоўтых камізэлек», мясцовая «пятая калона» накіравалася ў Парыж, але ў свой – беларускі. А калі ўжо выбраліся гэтак далёка, то агучылі адразу 35 патрабаванняў! Сярод якіх:

– Павышэнне мінімальнага заробку на 100 еўраў

– Павышэнне мінімальнай пенсіі на 50 %

– Скасаванне дэкрэту аб дармаедах

– Паніжэнне коштаў на паліва

Да апошняга патрабавання ўлады прыслухаліся і зрабілі беларусам шыкоўны падарунак – панізілі цану на паліва – на 1 капейку. Няўжо цяпер увесь год так шчасціць будзе?

Як падлічыў блогер Віктар Малішэўскі, на кожным з 13 паседжанняў аргкамітэту ў рыхтаванні да II еўрапейскіх гульняў прысутнічаў прем’ер-міністр. Гульні ж, вядома, важнейшыя, чымся эканоміка і дабрабыт! Гэтым заняты і кіраўнік краіны.

«З пачаткам новага спартовага года! Для Беларусі – гаспадыні 2-іх еўрапейскіх гульняў – ён будзе асаблівы», – заявіў Лукашэнка.

А гэта значыць, што ізноў будзем замест даходаў падлічваць шайбы і галы. Дзеля гэтага на турнір «Залатая шайба» добраахвотна-прымусова паклікалі дарослых і маленькіх менчукоў. Паслухмяны народ прыйшоў, пастаяў і сышоў – бо назбіралі народу больш, чым было месцаў на арэнах. Самыя пачэсныя месцы занялі, вядома ж, дзяржслужбоўцы. Калі гуляе кіраўнік краіны, не працаваць жа ім?!

Вольга Старасціна/Белсат, фота – Васіль Фядосенка/Reuters