Улады намераныя выселіць БНФ?


Найстарэйшая ў нашай краіне апазіцыйная партыя «Беларускі народны фронт» можа апынуцца літаральна на вуліцы. Але спачатку – у судзе. Дзяржаўнае прадпрыемства «Домэнэргасэрвіс» падала іск на партыю з-за неўрэгуляваных запазычанасцяў па аплаце арэнды памяшкання, у якім месціцца галоўная сядзіба БНФ у Менску, ды патрабуе скасаваць дамову з апазіцыянерамі аб арэндзе памяшкання. Рыгор Кастусёў, старшыня партыі БНФ, распавядае:

«Страта памяшкання цягне за сабою і страту рэгістрацыі, маецца на ўвазе партыі БНФ. Я лічу, што гэта не эканамічна, а палітычна матываваныя захады беларускіх уладаў. Я згодны з вамі, што трэба плаціць, але зразумейце адно: беларускія ўлады паднялі кошты па камунальных паслугах, па арэндзе памяшканняў для партыі БНФ і яе структурных падраздзяленняў. Сёння мы плацім за 1 метр квадратны 22 рублі. З 1 студзеня для нас камунальныя паслугі будуць зноўку павялічаныя.

Чаму я лічу, што гэта палітычна матываваны падыход з мэтаю выселіць партыю БНФ з памяшкання? Я паглядзеў на сайце менскага гарвыканкаму інфармацыю аб нядобрасумленных плацельшчыках за арэнду дзяржаўнае маёмасці. Такіх больш за 700 арганізацыяў. У лік гэтых арганізацыяў ні БНФ, ні структурныя падраздзяленні партыі і грамадскага аб’яднання «БНФ Адраджэнне» не ўваходзяць. Але менскія ўлады падаюць у суд не на тыя 700 арганізацыяў, якія маюць запазычанасці па 2-3 гады, а менавіта на партыю БНФ…»

belsat.eu