Улады Беларусі мараць аб «кішэннай царкве»?


15 снежня ў Кіеве адбудзецца аб’яднаўчы Сабор украінскай праваслаўнай царквы. Гэты дзень можа стаць пачаткам украінскай аўтакефаліі. Госць праграмы «Размова дня» са Святланаю Калінкінай святар Аляксандр Шрамко тлумачыць, што можа значыць украінская аўтакефалія для беларускай царквы і вернікаў.

Жаданне ўкраінскай царквы аддзяліцца ад Расеі пасля падзеяў у Крыме і на Данбасе можна патлумачыць без асаблівых цяжкасцяў. Украінцы не жадаюць мець нічога агульнага з Масквою. Ці ўсё гладка ў беларуска-расейскіх адносінаў у рэлігійнай сферы? Ці зможа ўкраінскі прыклад натхніць беларускае духавенства на змены? І ці дазволіць гэта беларуская дзяржава?

«Я ўпэўнены, што беларускай дзяржаве хацелася б мець самастойную царкву. І ў гэтым ёсць негатыўны аспект аўтакефальнасці: цяпер, калі царква мае галоўны цэнтр за межамі дзяржавы, яна мае нейкую аўтаномнасць. Не можа кіраўнік Беларусі Лукашэнка або дзяржава ўсё, што хочацца, зрабіць. Уплываць можа, але ўсё, што хоча, рабіць не можа. Усё ж такі галоўнае кіраўніцтва дзесьці там. А тут можа атрымацца такая «кішэнная» царква – што сказаў, тое і будуць рабіць. Таму дзяржава зацікаўлена ў тым, каб была самастойная царква, але ўсё стрымліваецца тым, што дзяржава перабывае пад уплывам Расеі і залежыць ад яе», – выказаўся Аляксандр Шрамко.

Паводле Аляксандра Шрамко, моцны ўплыў Расеі адчуваецца ў розных сферах царкоўнага жыцця. Сведчаннем менавіта такога ўплыву было прызначэнне новага мітрапаліта Паўла.

Ці захоча беларускае святарства змяніць правілы гульні? Адказ на гэта ды іншыя пытанні шукайце ў праграме «Размова дня» са Святланаю Калінкінай і святаром Аляксандрам Шрамко.