Свет У Вялікай Брытаніі ўвялі «крытычны» узровень тэрарыстычнай небяспекі


Узброеныя вайскоўцы выйшлі патруляваць вуліцы, каб дапамагчы паліцыі. А сілы бяспекі праводзяць рэйды і арышты ў сувязі з тэрактам у Манчэстэры, што адбыўся на канцэрце ў ноч на аўторак. Ужо вядомае і імя тэрарыста-смяротніка.

Выбух у канцэртнай залі Манчэстэр-арэна здзейсніў малады мясцовы жыхар, сын палітычных уцекачоў з Лівіі. Ягоныя бацькі ў свой час уцяклі ад рэжыму Муамара Кадафі, а цяпер вярнуліся на радзіму.

«Злачынцам быў 22-гадовы Салман Рамадан Абэдзі, які нарадзіўся і вырас у Брытаніі», – заявіла прэмʼер Вялікай Брытаніі Тэрыса Мэй.

Бацька Салмана Абэдзі не верыць, што сын звязаны з тэрарыстамі. Салман якраз нядаўна быў у Лівіі і не праявіў экстрэмісцкіх поглядаў. Аднак ва ўладаў Брытаніі і Францыі іншая інфармацыя: Абэдзі мае даказаныя сувязі з так званай «Ісламская дзяржавай».

«Гэта быў чалавек брытанскага падданства лівійскага паходжання, які вырас у Вялікай Брытаніі і раптоўна, пасля паездкі ў Лівію і, магчыма, у Сірыю, радыкалізаваўся і вырашыў здзейсніць гэты напад. Гэта людзі, якія нараджаюцца ўнутры краіны і ў той жа час радыкалізуюцца праз прапаганду Даішу», – распавёў кіраўнік французскага МУС Жэрар Калён.

«Ісламская дзяржава» яшчэ напярэдадні ўзяла на сябе адказнасць за тэракт, назваўшы атаку «помстай крыжакам». Кіраўніцтва брытанскай паліцыі заявіла, што тэрарыст дзейнічаў не адзін, а ў складзе падпольнай групы. Агулам у гэтай крымінальнай справе арыштавана 4 чалавекі, у тым ліку брат Салмана Абэдзі, праведзеныя ператрусы. На дапамогу паліцыі выйшлі 3 800 вайскоўцаў.

«Цяпер паліцыя зможа мець падтрымку ад вайскоўцаў. Так што людзі могуць пабачыць прысутнасць пэўнай колькасці вайскоўцаў, якія будуць навокал для іхнай жа бяспекі», – заявіў брытанскі міністр унутраных справаў Эмбэр Рад.

Звычайна брытанская паліцыя не носіць зброю, але пагроза далейшых тэрактаў часова змяніла традыцыі.

«Людзі пабачаць дадатковых афіцэраў паліцыі, у тым ліку са зброяй, і пабачаць вайсковы персанал. Зусім няма прычынаў панікаваць і трывожыцца. Мы робім усё, што можам, каб захаваць лонданцаў і гасцей гораду ў бяспецы. Гэтыя дзеянні грунтуюцца на звестках ад экспертаў, і яны паднялі ўзровень пагрозы з сурёзнага да крытычнага, найвялікшага з магчымых», – паведаміў мэр Лондану Садык Хан.

Паводле ўладаў, калі ўзровень захадаў бяспекі на масавых мерапрыемствах будзе незадавальняльны, іх будуць адмяняць.

«Першае, што яны зробяць, гэта заменяць афіцэраў паліцыі, якія ахоўваюць галоўныя месцы. Другое – абарона і павелічэнне патрулёў у патэнцыйных транспартных вузлах і на вызначальных падзеях. У наступныя тыдні ва ўсёй краіне будзе вельмі шмат розных імпрэзаў. Мы будзем надзвычай шчыльна працаваць з арганізатарамі, каб перагледзець іх захады бяспекі, ужыванне ахоўнікаў з іх боку і ўжыванне паліцыі з нашага боку», – абяцае памочнік камісара паліцыі Лондану Марк Роўлі.

Паліцыя паведаміла аб ідэнтыфікацыі ўсіх 22-х загінулых у тэракце. Зніклых без вестак больш няма.

Яраслаў Сцешык, «Белсат».

Глядзі таксама
Каментары