У Венесуэле па-ранейшаму неспакойна


«Бомба запаволенага дзеяння» – гэтак Венесуэлу называюць яе апазіцыйныя лідары. Людзі выходзяць на дэманстрацыі спантанна ды не патрабуючы заклікаў з боку апанентаў прэзідэнта Мадуро.

На вуліцах Каракасу – тысячы студэнтаў патрабавалі павялічыць дзяржаўныя выдаткі на адукацыю.

«Мы патрабуем фінансавання для сталоўкі, якая ўжо два гады зачыненая. Мы хочам, каб з’явіліся новыя транспартавыя сродкі, каб мы маглі ездзіць у розныя гадзіны, і таксама аднаўлення маршрутаў. Мы хочам павышэння заробкаў для навуковых працаўнікоў і прафесараў, бо яны заслугоўваюць справядлівага заробку», – кажа пратэстовец Карлас Пэння.

Са сваймі патрабаваннямі студэнты накіраваліся ў Міністэрства адукацыі, але іх заблакавалі паліцыянты і жаўнеры.

«Гэта мірны марш. Мы хочам прайсці і прадоўжыць свой пратэст такім чынам, каб урад зразумеў, што яны робяць з намі пры дапамозе гэтых доўгіх чэргаў, без ежы ды адсутнасці бяспекі ў Венесуэле», – распавядае лідарка студэнцкага руху Дэлья Рохас.

Востры гаспадарчы крызіс у краіне адчула на сабе не толькі сфера адукацыі. Інфляцыя ў Венесуэле летась дасягнула 180 % – гэта самы высокі паказнік у свеце, а гаспадарка скарацілася на 5,7 %. Гэта – афіцыйныя звесткі, не афіцыйна – сітуацыя выглядае яшчэ горш.Галодныя бунты, рабаванні і стыхійныя мітынгі. Мадуро накіроўвае супраць пратэстоўцаў войскі. Днямі марш апазіцыі разагналі з дапамогаю слезацечнага газу.

«Незадаволенасць – па ўсёй краіне. Урад не можа гэтага спыніць з дапамогаю бюракратычных прапановаў. Адзінае, мірнае развязанне – гэта суверэннае рашэнне», – заяўляе лідар Кааліцыі дэмакратычнага адзінства Хэсус Тарэльба.

Апазіцыя сабралася на пратэст ля Вярхоўнага суда з патрабаваннямі правесці рэферэндум па адстаўцы Нікаляса Мадуро. Дзеля гэтага яны сабралі 1 мільён 800 тысяч подпісаў, але ўрад і прэзідэнт праводзіць рэферэндум адмаўляюцца.У недахопе харчоў у краіне Мадуро вінаваціць амерыканцаў, якія нібыта ствараюць штучны дэфіцыт тавараў.