У сеціве пра сітуацыю з БРСМ: Для іх дзеці – ніхто. Іх трэба прыніжаць, а супраціў давіць у зародку


Скандал, які выбухнуў напярэдадні, ўсцяж разгортваецца. Радыё Свабода апублікавала відэа, знятае навучэнцамі аднае са сталічных школ (пазней высветлілася, што гаворка вядзецца пра гімназію №31). Адміністрацыя праз пагрозы і абразы змушала падлеткаў уступіць у пралукашэнкаўскую арганізацыю БРСМ. Фрагменты запісу – ужо зараз вашай увазе. Шмат каментароў з’яўляецца ў сацыяльных сетках.

Вядомы палітычны аглядальнік Аляксандр Класкоўскі кажа:

«А нехта збіраўся раздаваць БРСМу аўтаматы. Ды туды ж заганяюць ледзь ці не пад дулам».

А вось Аляксандр Сцепаненка піша так на сваім ФБ:

«Мабыць, нездарма БРСМ лічыць сябе пераемнікам ВЛКСМ. Прынамсі найгоршае ў камсамолу – прымусовае ўступленне – яны дакладна перанялі».

Яму адказвае ў каментары Таццяна Зялко:

«Ды не! Як на мяне, дык лукашызм стакроць горшы. Я не апраўдваю ні камсамол, ні ТОЙ час, але сённяшняе ўжо пераплюнула ўсе каноны, магчымыя і немагчымыя».

Пад тысячу каментароў зʼявілася і ўласна пад скандальным ролікам, змешчаным на Ютубе. Піша карыстальнік Radix:

«Жывуць паводле паняткаў «я начальнік, ты дзярмо». Для іх асобы падначаленага не існуе ўвогуле, для іх дзеці – ніхто. Іх не проста можна, а трэба сістэматычна прыніжаць, а любы супраціў давіць у зародку».

У нас атрымалася датэлефанавацца да 31-е сталічнае гімназіі і паразмаўляць з намесніцай дырэктара Таццянай Чумавіцкай:

«Я думаю, што гэта не зусім тэлефонная размова, праўда? У любым выпадку ўсё годна, усё прыгожа, усё правільна…»

Паразмаўляем з былым сакратаром БРСМ Венедзіктам Кляўзе:

«Інфармацыю гэтую я прачытаў яшчэ ўчора. Адразу падняўся ціск, таму што такі ўзровень аргументацыі, каб запрасіць людзей у БРСМ, не мае права быць. Я ў шоку ад інструментарыю, каторы цяпер выкарыстоўваецца. На працягу тых трох гадоў, калі я быў у БРСМ, у тым ліку быў сакратаром, БРСМ знаходзіўся, мне падаецца, на іншым узроўні развіцця. Ён толькі нараджаўся, таму там працавалі танчэй: больш намаўлялі, паказвалі плюсы, заманьвалі нейкімі зніжкамі, прэферэнцыямі пры размеркаванні і атрыманні месца ў інтэрнаце…»

Міністэрства адукацыі спачатку гаварыла пра шок ад пачутага, але цягам дня шок мінуў і з’явілася афіцыйная заява:

«Няяснае ні паходжанне роліку, ні тое, ці такая сітуацыя мела месца ў рэчаіснасці, ці гэта чарговая фэйкавая пастаноўка. І Міністэрства адукацыі не збіраецца праводзіць якіх-небудзь расследаванняў на гэты конт, а тым больш даваць каментары. Разам з тым, пазіцыя міністэрства выразная. Недапушчальнае прымусовае ўступленне ў сябры БРСМ».

Працяг размоваў – у сюжэце.