У Лунінцы пахавалі 8-месячную дзяўчынку, забітую за тое, што яна плакала


Сёння адбылося пахаванне 8-месячнай дзяўчынкі, жорстка забітай у Лунінцы імаверна ад рук сваёй маці і ейнага сябра. Тыя, хто ведаў сям’ю, дагэтуль не могуць паверыць і аправіцца ад шоку. Здарэнне адбілася розгаласам і па ўсёй краіне, улічваючы нядаўнюю грамадскую дыскусію пра неабходнасць закону аб хатнім гвалце ды антыалкагольнай дзяржаўнай палітыкі. Дык вынікам чаго апынулася трагедыя і ці можна было б яе не дапусціць? У сюжэце Алеся Залеўскага. А таксама абмяркуем трагедыю са спецыялістамі.

Лунінец сёння ў тумане. А яго жыхары туманна ўяўляюць: як такое магло стацца? Кажа суседка загінулага немаўля, Наталля:

«Размаўляюць і гуляюць на пляцоўцы, усе мамы разам, бацькі неканфліктныя, прыемныя, адкрытыя, бо відаць калі чалавек п‘е, а тут прыемны, дагледжаны, неканфліктны».

Бацькі забітай дзяўчынкі сем гадоў пражылі ў шлюбе і мелі траіх дзяцей. Паводле сведчанняў, некалькі разоў вечарамі даносіліся гукі застолляў, часам – сямейных спрэчак. У выніку адной з іх выклікалі міліцыю і сям’ю аўтаматычна паставілі на ўлік у спіс сацыяльна небяспечных. Ала, суседка загінулага немаўля, гаворыць:

«Асабіста я нічога не заўважала. Шмат хто выпівае… Не ведаю».

І ўсцяж пытанне: хто і як такое зрабіў? Абезгалоўленую дачку выявіў бацька, які вярнуўся ад сваякоў. У кватэры апроч жонкі быў 47-мігадовы сябар сямʼі, абое пʼяныя. Іх затрымала міліцыя ў якасці асноўных падазраваных. Ала, суседка:

«Я чула, як тата крычаў, дзеці плакалі. Яны прыйшлі акурат і ўсё гэта пабачылі».

Лунінец у шоку ад жорсткасці забойства, у гэтых дамах бальшыня – семʼі з дзецьмі ці тыя, хто мае жыллёвае дзяржаўнае падтрыманне. Яшчэ зусім нядаўна затрыманая маці выстаўляла вось такія фотаздымкі. Тацяна, суседка загінулага немаўля:

«Звычайныя бацькі, заўсёды ветлівыя, мама добра ставілася да дзяцей».

Але пасля здарэння шмат хто не шкадуе не менш жорсткіх за дэталі забойства словаў пра маці. Пад артыкулам у мясцовай прэсе – дзясяткі каментароў. Бальшыня акаўнтаў належыць жанчынам – такім жа патэнцыйным маці. Дык вынік чаго здарэнне ў Лунінцы – памылак асобных бацькоў ці мадэляў паводзінаў, накінутых гэтак званымі традыцыйнымі ўстоямі нашага грамадства? Тлумачыць Лілія Ахрэмчык, псіхолаг, гендарная трэнерка:

«У мяне ёсць злосць адрасаваная да гэтай мамы, але я разумею, што гэты гвалт перадаецца з пакалення ў пакаленне. Калі б мама была здаровая, шчаслівая, і каб яна не піла – то бок мела ўладкаванае жыццё, то ў яе б не было жадання праявіць датычна дзіця гэтае зверства. Гэта ланцуг гвалту».

Які спыніць можна толькі ростам маралі і гуманнасці ўва ўсім грамадстве. У сям’і засталіся старэйшыя дзеці – 4-ох і 6-ці гадоў. Як цяпер ім жыць? І хто дапаможа справіцца з трагедыяй?

Алесь Залеўскі, belsat.eu