У Глуску за наркотыкі судзяць 71-гадовага пенсіянера. Родныя мяркуюць, што гэта помста міліцыі


Праграма «Маю права» неаднаразова распавядала пра сям’ю Аляксандра і Валянціны Каваленкаў з Бабруйску. Яны спрабавалі даказаць, што іхны сын Ігар не вінаваты ў забойстве. Спадару Аляксандру пачалі пагражаць, а ў 2007-м – асудзілі за распаўсюд наркотыкаў – на 9 гадоў.

Праз тры гады Аляксандра рэабілітавалі і нават выплацілі кампенсацыю. І вось у кастрычніку 2019 года – ізноў затрымалі і другі раз вінавацяць у распаўсюдзе наркотыкаў.

«І толькі ён павярнуў, каб ісці ў краму, ззаду на яго накінуліся, збілі з ног. Яны метраў за 10 ад месца затрымання выявілі кавалак паперы, насычаны наркатычным сродкам – 0,0047 г», – распавядае абставіны затрымання жонка Аляксандра Каваленкі спадарыня Валянціна.

Hавiны
«Адміністрацыя прэзідэнта падтрымлівае міліцэйскае бязмежжа». Трэці год асуджаны дамагаецца законнага вызвалення і атрымлівае адпіскі
2019.02.07 16:39

«Больш вы не пачуеце ад мяне ніводнага слова!»

Суд прызначылі ў Глуску. Шлях з Бабруйску ў Глуск і назад – больш за 80 кіламетраў. А спадару Аляксандру цяпер 71 год, і ён перанес два інфаркты.

«Я хвалююся. Я разумею, што майго мужа ў любы момант можа не стаць. Вось з гэтым захворваннем», – кажа Валянціна стоячы каля суда.

Калі ж Аляксандра Каваленку ўсё ж такі даставілі з Бабруйску ў Глуск, ён адразу заявіў пратэст:

«Ваш суд прызначаны з парушэннем трох артыкулаў Канстытуцыі і артыкулаў Крымінальна-працэсуальнага кодэксу. Я не лічу яго [суд] легітымным і адмаўляюся ад абаронцы, адмаўляюся ад усяго. Больш вы не пачуеце ад мяне ніводнага слова!»

Але судовае паседжанне так і не распачалося. З гіпертанічным крызам хуткая адвезла спадара Аляксандра ў шпіталь.

Разам з юрысткаю Тамараю Сяргей, якая ўзначальвае грамадскую ініцыятыву «Супраць беззаконняў у судах і пракуратуры», Валянціна Каваленка рэгулярна складае скаргі на парушэнні правоў Аляксандра. Жанчыны пісалі звароты, каб справу Аляксандра разглядалі ў Бабруйску.

«Вось нам піша старшыня Магілёўскага абласнога суда: справу перадалі ў суд Глускага раёну таму, што ў судзе гораду Бабруйску, цытую, «знаходзіцца вялікая колькасць крымінальных справаў, значная частка якіх з’яўляецца шматтомнымі», – кажа Тамара Сяргей.

Юрыст Павел Сапелка з праваабарончага цэнтру «Вясна» патлумачыў нам, што калі суд плануецца ў іншым горадзе, неабходна атрымаць згоду ўдзельнікаў працэсу.

«Калі гэтае правіла парушанае, яго трэба аспрэчыць у адпаведным парадку, разам з выракам. Ці будзе гэта падставаю для адмены, змены выраку – спрэчны момант», – удакладніў Сапелка.

Таксама ў праграме «Маю права»:

  • Праваабаронцы – пра негуманнае стаўленне да сваякоў расстраляных
  • Беларусы – пра пасаду суддзі
  • Сядзіба Манюшкаў застаецца ў заняпадзе
  • Жыхарам і чыноўнікам не ўдаецца дамовіцца пра каналізацыю

Глядзіце праграму «Маю права» цалкам:

Праваабарончую праграму «Маю права» глядзіце кожную сераду а 19:05 на тэлеканале «Белсат» праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн або ў закладцы «Праграмы» на нашай старонцы.