У чым сіла Святланы Ціханоўскай? «Прасвет» з Сяргеем Пелясою


Святлану Ціханоўскую на Захадзе пачынаюць прызнаваць дэ-факта лідаркай Беларусі. Аляксандр Лукашэнка пакуе валізку на Усход, дзе яго чакае не толькі Уладзімір Пуцін, але і сын Мікалай.

Тэмы першага ў новым сезоне «Прасвету» з Сяргеем Пелясою:

Свет прызнае Святлану Ціханоўскую. Абраная беларусамі прэзідэнт наведвае Польшчу і выступае ў міжнародных арганізацыях

Аляксандр Лукашэнка прызнаўся расейскім журналістам, што «магчыма, крыху пераседзеў». Нацыянальная лідарка Беларусі Святлана Ціханоўская на наступны дзень сустрэлася з прэм’ер-міністрам Польшчы Матэўшам Маравецкім. Раней былі сустрэчы з прэм’ер-міністрам Нарвегіі, выступы ў Радзе Бяспекі ААН і ў Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы. Гэта пачатак новай дыпламатыі новай Беларусі? Падрабязнасці – у сюжэце Насты Ільіной.

Ці адэкватная пазіцыя Еўразвязу адносна падзеяў у Беларусі?

Аляксандра Лукашэнку не дадалі ў санкцыйны спіс Еўрапейскага Звязу. Гэта правал, мяркуе Пятрас Аўштравічус, літоўскі дэпутат Еўрапейскага Парламенту, удзельнік дэлегацыі для дачыненняў з Беларуссю. Паводле палітыка, Святлана Ціханоўская – прэзідэнт, якога выбралі людзі, але зрухаў у палітычным жыцці Беларусі няма, рэжым трымаецца, а жорсткасць сілавікоў нарастае. Беларусы дайшлі да адчаю, і сітуацыя вядзе да кардынальных зменаў. Інтэрв’ю нашага брусельскага карэспандэнта Алеся Сіліча з адмысловым дакладчыкам Еўрапарламенту аб сітуацыі ў нашай дзяржаве.

Месяц рэвалюцыі ў Беларусі. Чаму гэта не Майдан? Каментуюць эксперты з Арменіі, Расеі ды Украіны

Ужо месяц беларусы штодня выходзяць на вуліцы, каб абараніць свой выбар і права распараджацца будучыняй дзяржавы. З аднаго боку гучаць галасы захаплення, а з іншага – крытыка, што пратэст занадта мірны і зацягнуты. Вядома, шмат хто, асабліва нашыя суседзі, параўноўваюць гэта з сітуацыяй у іншых постсавецкіх краінах. Каментуюць эксперты з Арменіі, Расеі ды Украіны. Матэрыял Святланы Аўчаровай.

Крамлёўскі экзамен для Аляксандра Лукашэнкі. Навошта ўзурпатар паедзе ў Маскву, і што ад яго трэба Уладзіміру Пуціну?

На наступным тыдні кіраўнік Беларусі адправіцца ў Маскву. Візіт анансавалі яшчэ ў жніўні, аднак нават цяпер дакладнай даты назваць не могуць. На што спадзяецца Лукашэнка ў расейскай сталіцы, і ці мае Крэмль магчымасць дапамагчы свайму заклятаму хаўрусніку, распавядзе Усевалад Шлыкаў.

Міжнародны тэлечасопіс «ПраСвет» з Алінаю Коўшык ды Сяргеем Пелясою глядзіце штотыдзень у чацвер а 20:35. Падпісвайцеся на «Прасвет» у профілях у Facebook і «Аднакласніках»! Глядзіце нас праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн, на YouTube-канале і на нашай старонцы.

Калаж з фота: Attila Husejnow / SOPA Images, Sergei Bobylev / TASS / Forum