У беларускіх балотах ледзь не з'елі аўстралійца


Чым можа здзівіць і напалохаць аўстралійца Беларусь? Падавалася б, што чалавек з краіны, дзе скачуць кенгуру, у балотах сядзяць кракадзілы, а на дрэвах – каалы, падрыхтаваны да ўсяго. Але ж у нашых мясцінах водзяцца бязлітасныя пачвары, страшнейшыя за любую чупакабру!

Эндру Джадж

Усё пачыналася досыць прыемна. Эндру Джадж прыляцеў у Беларусь, каб паглядзець на птушак. Хлопец працуе ў галіне электроннага продажу адзення. Ён добра разбіраецца ў трэндах і супрацоўнічае з сусветна вядомымі брэндамі.

«У модзе часта выкарыстоўваюцца птушкі на ўзорах, выявах. Мы, людзі, ужываем гэтыя сімвалы, бо птушкі цікавяць і натхняюць нас», – кажа Эндру.

Падрыхтоўка да падарожжа

У пошуках натхнення Эндру выправіўся ў балоты.

«Я чуў, што тут ёсць птушка пад назваю сініца вусатая. Для назіральнікаў за птушкамі гэта цудоўны від, дзеля якога варта прыехаць у Беларусь», – адзначае аўстраліец.

Разам з арнітолагам Віталём Кашчэевым Эндру паехаў на Віцебшчыну. Акрамя вусатай сініцы, там водзяцца чаплі, бакланы, рэмезы ды іншыя птушкі.

Сеўшы паесці, хлопец нават не думаў, што хутка пачнуць… есці яго.

Праз некаторы час чалавек, які ў сваім жыцці спаткаў і кракадзіла, і акулу, мусіў ратавацца ўцёкамі, бо на яго напалі ды хацелі зʼесці страшныя беларускія камары.

Але нават гэта не спыніла Эндру. Ён упарта з дапамогаю Віталя шукаў вусатую сініцу. І знайшоў. Што праўда, сініцы былі без вусаў – зусім маладыя. Таму давядзецца Эндру пачакаць, пакуль у птушак адрастуць вусы, і зноў прыехаць у Беларусь.

Сініца вусатая

Што яшчэ здзівіла аўстралійца ў Беларусі? Як выглядае нашая краіна вачыма птушкі? Глядзіце ў прэм’ерным выданні «Welcome ў Беларусь» (відэа вышэй).

Праграма «Welcome ў Беларусь» выходзіць кожную нядзелю а 20:35. Глядзіце праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн,на YouTube-канале «Белсат без палітыкі» і на нашай старонцы.