У Беларусі забаранілі сэлфі-палкі. NEXTA на Белсаце


Кажуць, што найлепшыя мазгі пакідаюць Беларусь. Але можна не хвалявацца: пакуль у нас ёсць супермозг – краіне нічога не пагражае. Бо толькі адна галава ў Беларусі ўсё ведае і ўсіх вучыць. Інжынераў і будаўнікоў – якой мае быць дарога.

«Я хацеў бы вам усім зазначыць канкрэтна, якой павінная быць дарога і прыдарожныя надзелы», – кажа кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка.

Прадпрымальнікам падкідае ўнікальныя бізнес-ідэі.

«Трэба рабіць электрамабілі», – адзначае ён жа.

«Зялёнгас» вучыць, як уздоўж пыльнай дарогі развесці райскія сады.

«Паглядзіце, тут схіл, адкос, тут трэба паміж імі яшчэ нешта пасадзіць – кустоўе, пажадана, якое квітнее. І тады аранжарэя атрымліваецца», – падкрэслівае кіраўнік краіны.

Найбольш парадаў за свае «прэзідэнцкія гады» Лукашэнка даваў калгаснікам. Што з гэтага атрымалася – вядома.

«Яна ледзьве жывая», – заяўляе ён.

Няўжо беларусы не здольныя без кіраўніка краіны каровам хвасты памыць, туі пасадзіць і дарогі пабудаваць?

«Прэзідэнт не мусіць гэтым займацца, чым ён займаецца насамрэч. Дзеля гэтага вертыкаль пабудаваў, іншыя людзі мусяць. А гэта, шчыра кажучы, трызненне сівой кабылы», – кажуць жыхары Гомля.

«У нас ёсць людзі, якія, так бы мовіць, можа, не хочуць яго слухаць і не хочуць падначальвацца, некаторыя мо нават усё робяць, каб нашкодзіць. А ён вельмі разумны чалавек», – адзначаюць мінакі.

«Ён такі гаспадар, на ўсё майстар. Карацей кажучы, хацелася б сказаць: такога хацелася б бацьку, мужа і настаўніка. Вялікі вам дзякуй, наш прэзідэнт – гэта ўвогуле!» – заяўляюць гамельчукі.

«Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка – гэта наш супергерой, гэта найлепшы беларус у свеце, у свеце – не толькі ў Беларусі», – гавораць рэспандэнты.

Што ж стане з краінаю, калі Лукашэнка нас пакіне?

«Мне страшна думаць пра гэта, бо я іншых такіх людзей не ведаю», – кажуць жыхару гораду над Сожам.

«Ён сказаў: вырасце Коля, а пасля пабачым. Гэтак будзем імкнуцца, каб дынастыя Лукашэнкаў працягвалася ў тым жа духу, нават лепш, а можа быць, гэтак жа, як ёсць і цяпер. І каб у нас усё было, а нам за гэта нічога не было. Будзем працаваць, імкнуцца, старацца. Набывайце беларускае! Галечка, што яшчэ сказаць, падкажы. Усім здароўя! Аляксандр Рыгоравіч, мы вас любім, цэнім, маладзец!» – гавораць мінакі.

«Што гэта – першыя прэзідэнты, якія сыходзяць? У Еўропе мяняюцца ўвесь час, і толькі лепей ад гэтага жывуць. Нічога не разваліцца, і думаю, што будзе лепш, значна лепш», – мяркуюць апытаныя.

Гуляць дык гуляць! Еўрапейскія гульні для Беларусі стануць залатыя! З дзяржаўнай скарбніцы на іх выдзелілі 230 мільёнаў, але і гэтага мала!

«Каб усе людзі ў Беларусі жылі гэтаю алімпіядай і ведалі, што… яны зрабілі для гэтага нямала», – кажа Аляксандр Лукашэнка.

Зрабілі нямала, гэта значыць, каб скінуліся рублём на найважнейшую ў жыцці краіны падзею.

«Ёсць шмат іншых больш карысных рэчаў, на якія можна выдаткаваць грошы, апроч як «павыпендрывацца» перад іншымі краінамі», – лічаць жыхары Менску.

«Дзеля тыдня гульняў такое рабіць няма сэнсу», – мяркуюць яны.

«Гэтая краіна ўвогуле вусатая. Не падабаецца мне ніколі ў жыцці. Усё, усё гэтым сказана: вусатая краіна», – заяўляюць менчукі.

Дапамагаюць зладзіць спартовае свята і прадпрымальнікі. Кампаніі добраахвотна-прымусова ўжо аддалі 8 мільёнаў долараў. Адныя дапамагалі грашыма, а іншыя ўклаліся ў рамонты. Добраўпарадкуюць і прыбіраюць горад не толькі бізнесоўцы і камунальнікі ды не толькі ад смецця. Бесхацінцаў таксама прыбралі.

«Гэта яўна не развязанне, а куды іх хаваюць? Куды іх увогуле могуць хаваць?» – задаюцца пытаннямі беларусы.

«Як яны гэта робяць, якімі метадамі – невядома, таму я іх не падтрымліваю», – заяўляюць апытаныя.

«Хоць яны і бесхацінцы, але ж яны таксама людзі – жывыя людзі, ім таксама трэба, ім таксама хочацца ўсяго», – мяркуюць рэспандэнты.

Але ў Беларусі чалавек чалавеку – не роўня. Гэтак на еўрапейскіх гульнях валанцёраў накормяць на 10 рублёў у дзень, а тых, хто будзе рабіць прыгожую карцінку з гульняў – тэлевізіёншчыкаў за амаль 200 рублёў, медыкаў і выратавальнікаў таксама… як валанцёраў. Каб пачастунак прапанавалі гледачам, то адбою не было б ад ахвотных запоўніць стадыёны. А так ізноў даводзіцца выкарыстоўваць адміністрацыйныя метады:

«В связи со значимым событием данных игр просим приобрести билеты для ваших сотрудников за счёт предприятия или профсоюзных организаций», – даручае Вілейскі райвыканкам.

Мы нават не сталі пытацца ў беларусаў, чаму яны аддалі б перавагу – атрымаць за кошт прадпрыемства прэмію да заробку або квіткі на бадмінтон…

Вольга Старасціна, «Белсат»