У Беларусі патрэбны цэнтр для крызісных сітуацыяў


Пасля жнівеньскіх падзеяў сотням беларусаў спатрэбілася дапамога медыкаў, псіхолагаў, юрыстаў. Часта людзі проста не ведаюць, куды звярнуцца са сваёй праблемай. У ідэале неабходны каардынацыйны цэнтр для крызісных сітуацыяў. Пакуль жа беларускае грамадства вучыцца эфектыўна самаарганізоўвацца.

У выніку жорсткіх разгонаў акцый пратэсту і гвалту сілавікоў шмат каму спатрэбілася медычная дапамога. Сярэдні кошт кансультацыі ў прыватным медцэнтры ў Менску – ад 10 рублёў, ультрагук у залежнасці ад лакалізацыі – ад 20 да 60. Шмат якія прыватныя установы ў тыя дні працавалі на грамадскіх пачатках. Абвесткі давалі праз сацсеткі.

«Першы тыдзень пасля выбараў мы працавалі без выходных. Асноўная колькасць пацярпелых звярталася з разнастайнымі траўмамі, часцей за ўсё – крывападцёкі, ранкі. Было некалькі пацыентаў з аскепкавымі ранамі», – адзначае Руслан Дарашэвіч, намеснік дырэктара медцэнтру «Форэстмед».

Сотні, калі не тысячы беларусаў, аказаліся ў стане шокавай траўмы. Справіцца з ёй без дапамогі адмыслоўцаў – складана. Праца з вострай траўматычнай рэакцыяй і вострым траўматычным разладам – да трох месяцаў, столькі ж спатрэбіцца, каб пазбавіцца ад пасттраўмы. Улічваючы сярэдні кошт псіхалагічных паслугаў у Менску (60–70 рублёў за гадзіну), дазволіць сабе гэта змаглі б нямногія. Але ўзніклі цэлыя супольнасці псіхолагаў-валанцёраў.

Мaю прaвa
Валанцёрка – уладам: «Разбярыце адну рэзідэнцыю, здайце на металалом! Ды зрабіце хоць нешта!»
2020.04.29 20:05

Адвакацкая дапамога ў Беларусі таксама каштуе нятанна – каля 100 рублёў адна гадзінная кансультацыя. Юрыст можа аказваць толькі бясплатную дапамогу, адвакаты ж могуць працаваць як бясплатна, гэтак і за грошы. І сярод адвакацкай супольнасці аказалася нямала валанцёрскіх ініцыятываў. Што да характару дапамогі, то спачатку гэта было базавае кансультаванне тых, хто пацярпеў ад сілавікоў, а пасля прафесійных забастовак сталі звяртацца прадстаўнікі стачкамаў.

Такая дапамога будзе патрэбная беларусам яшчэ доўга, перакананы юрыст Аляксандр Жук:

«Пасля таго, як былі пададзеныя заявы ў следчыя органы, натуральна, мусяць быць адказы, потым гэтыя адказы, у выпадку нязгоды, трэба абскарджваць. Такім чынам, спатрэбіцца дапамога для скаргаў у вышэйшыя органы. Калі з’явяцца судовыя працэсы, спатрэбіцца дапамога адвакатаў ужо для прадстаўлення грамадзянаў у судзе».

Пакуль жа ніводнай крымінальнай справы ў дачыненні сілавікоў не заведзена.

Асабісты капітал
Колькі плацяць беларусы за міліцэйскі гвалт?

2020.09.07 19:10

Беларускае грамадства кансалідуецца, каб падтрымаць тых, хто пацярпеў ад рэжыму. Адным з самых яскравых прыкладаў такой самаарганізацыі сталі стыхійныя валанцёрскія лагеры каля беларускіх следчых ізалятараў. Каб дапамагчы тым, каго выпускалі з Цэнтру ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсціна, ды іхным блізкім паўстала цэлае мястэчка: медыкі, псіхолагі, адвакаты, палявая кухня, кіроўцы. Мноства неабыякавых беларусаў куплялі ежу, ваду, лекі, прывозілі ў лагер цёплыя рэчы.

«Часта людзі проста не ведаюць, куды звярнуцца са сваёй праблемай. Выйсце – агрэгатары, дзе можна знайсці прафесійныя ініцыятывы, псіхолагаў, медыкаў, юрыстаў, валанцёраў. У ідэале, вядома, неабходны каардынацыйны цэнтр для крызісных сітуацыяў», – мяркуе Аляксандр Жук.

Таксама ў праграме «Асабісты капітал»:

  • Які вынік забастовак на прадпрыемствах?
  • Як Лукашэнка спрабаваў «купіць» падтрымку
  • Эксперт: Дзяржава зрабіла ўсё, каб людзі пачалі з’язджаць