У Беларусі адмаўляюцца друкаваць паштоўкі з Лукашэнкам. NEXTA на «Белсаце»


Аляксандр Лукашэнка 24 гады таму як высакародны разбойнік захапіў усе тэлевізійныя экраны краіны, каб цешыць грамадства сваймі аповедамі пра светлую будучыню, зараджаць пазітывам, натхняць і дарыць людзям усмешкі. Пакуль на кухнях хтосьці смяецца, а хтосьці плача, крыху менш загадкавы, чымся ў Мона Лізы выраз твару, упарта назірае за працаю чыноўнікаў ледзь не ў кожным кабінеце. Ну ці не самая папулярная ў краіне асоба?

Аднак цешыцца абліччам стабільнасці можа далёка не кожны. Да прыкладу, надрукаваць паштоўку з вобразам кіраўніка краіны, каб потым адправіць яе сябру ці сяброўцы, не атрымаецца. З катэгарычным «не» спатыкаемся ў менскай друкарні «Карандаш».

«Ну, па-першае, тут трэба дазвол гэтага чалавека на вось такога плану працу. Калі б гэта быў іншы чалавек – вы ці я, ніякіх бы праблемаў не было. А паколькі гэта першая асобы дзяржавы, то патрэбны дазвол на выкарыстанне ягонай выявы ў вашых карпаратыўных мэтах», – адказваюць нам там на нашую просьбу.

Што праўда, ані такога закону, ані здаровага сэнсу ў гэтай сітуацыі мы не знайшлі. Затое адшукалі іншыя падобныя выпадкі. Раней «Карандаш» адмаўляўся друкаваць нацыянальны герб, называў радыё «Свабоду» экстрэмістамі і ігнараваў друк запрашэнняў на імпрэзу ў гонар Васіля Быкава. Затое ахвотна вырабляў сувеніры з выяваю Сталіна.

А гэта – не Сталін, хоць і таксама з вусамі, гэта Гай Фокс. Ягоная маска сімвалізуе пратэст і барацьбу з дзейным рэжымам. Для раўнавагі было б няблага і прадэманстраваць маску, якая ўвасабляе рэжым.

Аднак вырабіць маску, якая б сімвалізавала стабільнасць, то бок з кіраўніком Беларусі, інтэрнэт-крама «СуперЛама» адмовілася.

Затое Пуціна, Ельцына ці Жырыноўскага ў краме можна набыць у любы момант і без праблемаў. Дык што ж гэта вынікае, наш кіраўнік – адзіны і непаўторны?