Цырымонія ўручэння Нобэлеўскай прэміі Святлане Алексіевіч


Пісьменнік і грамадскі дзеяч Уладзімір Някляеў, які таксама вылучаўся на Нобэлеўскую прэмію, у студыі «Белсату» падзяліўся сваймі думкамі пра ўзнагароду Святланы Алексіевіч.

«Канешне, я нават з усёй маёй фантазіяй, з разуменнем чалавека, з цяжкасцю ўяўляю, што адчувае Святлана. Гэта, канешне, варта было паўпірацца, напісаць пяць нялёгкіх для яе кнігаў. Яна ж не хуткапісная пісьменніца. Яна пакуль сказ адзін не выбудуе, не можа перайсці да наступнага. Трэба разумець, што гэта катаржная праца – напісаць такія кнігі. І яна заслужыла сённяшняе свята», – адзначыў Уладзімір Някляеў.

Шасціразовы намінант на Нобэлеўскаю прэмію міра Алесь Бяляцкі ў эфіры «Белсату» выказаўся пра поспех Святланы Алексіевіч.

«Гэты нобэлеўскі медаль – ён як зорка, можна сказаць. Ён будзе зараз асвятляць усю беларускую літаратуру. І тут яшчэ важна, што талент Святланы Алексіевіч не вырас на пустым месцы. Ён фактычна выхаваны беларускай літаратурай», – заявіў праваабаронца.

У сваю чаргу старшыня беларускага ПЭН-цэнтру Андрэй Хадановіч мяркуе, што спадарыня Святлана «з усімі сваймі заслугамі стварае такое поле для радасці, поле для гонару, але разам з тым і поле для роздуму».«Белсат» – адзіны беларускі тэлеканал, які зладзіў онлайн-трансляцыю ўручэння ўзнагароды Нобэля па літаратуры Святлане Алексіевіч.Белтэлерадыёкампанія, ОНТ і СТВ не транслявалі ўрачыстую цырымонію ўручэння Нобэлеўскай прэміі Святлане Алексіевіч са Шведскай акадэміі навук.

«БТ не планавала набываць правы на трансляцыю праз пэўныя арганізацыйна-тэхнічныя, фінансавыя і юрыдычныя пытанні і аспекты», – заявіла прэс-сакратарка медыя-холдынгу Святлана Смалонская-Краскоўская.